Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Як Ніхто

Автор: Кіявіцкая Таццяна

21.07.2018

Просмотров: 1609


Рыпнулі дзверы – і ўвайшоў Ніхто. Ніхто нічога не сказаў і сеў побач.  Моўчкі мы павячэралі і, як і дамаўляліся, пайшлі блукаць па вечаровым горадзе.

Ніхто нічога не расказваў. Проста ішоў поруч. Час ад часу ён кідаў мне колькі словаў (нібыта і не мне зусім, а свайму ценю, самому сабе), але інфармацыі не выдаваў ніякай.  Я не вытрываў. Калі мы спыніліся недзе ў вечаровай шэрані, запытаўся: “Дык што, усё ж такі, адбылося?” – “Нічога”. Я так і думаў. Ніхто – нічога. Але ён маніў. Ці казаў не сваю праўду.

Аб’ектыўна, напэўна, так і было: ніякіх падзей, ніякіх змен. Але суб’ектыўна здарылася н е ш т а. Я ведаў: была размова. Ведаў дакладна, хоць пра яе Ніхто мне і не казаў. Гэта быў асабісты вопыт. Гэта было адчуванне сказаных словаў. І гэта размова была найвялікшай таямніцай. Ніводнага слова – я не ведаў пра яе нічога. І Ніхто маўчаў. І мы пайшлі далей. Пасля таго як нешта здаралася ў яго ці маім жыцці, мы ішлі ў ноч. Дарога ў ноч была неабходнасцю, наркотыкам, амаль фізіялагічнай патрэбай. Дарогай у ноч мы ішлі сёння. Але прычыну гэтай неабходнасці Ніхто мне не адкрыў. Ды гэта было яго права – права на маўчанне. Аднойчы такое было ў мяне. Нешта зламалася, мяне зламалі, мяне спынілі і не далі ісці далей той дарогай, якую абраў, адмовіўшыся ад сотні іншых. Я памыліўся, і цана памылкі – я сам. Маё жыццё. Мая будучыня. І маё мінулае. І словы зніклі, нават Ніхто не пачуў, што здарылася са мной тады. Такое было ўпершыню. Але Ніхто не патрабаваў, не выцягваў з мяне словаў, а проста ішоў поруч – дарогай у ноч.

Сёння было тое самае. Толькі ролі змяніліся. Права на маўчанне было ў яго. А ў мяне быў абавязак – быць поруч. Горад нас не чапаў, і мы яго не баяліся. Мы не патрабавалі ад яго ніякіх забавак і шоу. Нам патрэбны быў лабірынт, з якога  мы ўжо тысячы разоў выходзілі. І выйсце тое было – ноч. Мы спыняліся ля ракі, ішлі пад старыя каштаны, губляліся ў завадскіх кварталах. І гэта было выратаваннем. Ноч была пяшчотнай каханкай, самай адданай і найпрыгажэйшай з існых. І я сказаў пра гэта Нікому. Але Ніхто не адказаў. Доўга мы ішлі па бязлюддзю, пакуль Ніхто не парушыў цішыні: “Хоць ноч і найлепшая каханка, але мне патрэбна не яна”. Я гэтага баяўся. Не яна. Жахліва. Ты вярнуўся да людзей. Яны не адпускаюць цябе. Ноч не наталяе. Шкада. Так, мне цяжка прызнаць: “Значыць, я не памыліўся. Ты не адпускаеш Яе”. – “...” – “Жывая. Істота! Зараз яна – твая прыдумка, чароўная мара, але што будзе, калі яна стане штодзённасцю?..!” – “Не ведаю”. – “Затое – чуеш? – я ведаю! Ведаю. З’явяцца непатрэбныя словы, з’явіцца быт, які заб’е тваю мару!”

– “Мне патрэбныя яе вусны, яе цела...”
– “Маўчы!” Ноч – найлепшая каханка. Ноч жывая. У свае міліярды гадоў яна застаецца чароўнай дзяўчынкай. А Ніхто спрабуе наталіцца іншай... Прыдумаў, што... Не, маўчы. Ён яшчэ не адчуў сапраўднага болю, і думае, што зараз – гэта балюча. Слабак! Ніхто ўжо не можа несці гэты цяжар у сабе, кідае яго мне, кідае ў ноч: “Я прагну быць з ёю! Гэта не проста жаданне. Ты не разумееш. Твае жанчыны...”

– “Іншыя, я разумею. Яны прыгожыя, яны кожную хвіліну ў поўным узбраенні”.
– “А яна іншая!” – “...са сваімі недахопамі, неідэальнасцю ва ўсім...” – “...акрамя... Ты не ведаеш!,,”
– “Я? Ведаю!” Ніхто губляецца ў словах, блытаецца і падае ў маўчанне. Я ведаю ўсё. Проста ты не ведаеш таго, што ведаю я. Сёння ты – Ніхто. Учора Нікім быў я.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью