Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Адно слова

Автор: Кіявіцкая Таццяна

05.08.2018

Просмотров: 1258


Ведаеш, адно слова можа быть такім шматзначным. І такім бессэнсоўным. Колькі ўсяго я ўкладаў у сваё кароткае “кахаю”, калі мы ў той вечар толькі на імгненне засталіся адны.


У гэтым слове была ўся ты: твае бязглуздыя доўгія сукенкі, дзівосныя прычоскі, вялізныя вочы-пацеркі, доўгія вейкі, маленькая радзімка на шыі, доўгі шнар на правай руцэ, ідыёцкія каляровыя фенечкі і каралі нібы з мінулага стагоддзя, збітыя чаравікі саракавога памеру, заўсёды вільготныя рушнікі ў ванным пакоі, накрухмаленыя сурвэткі тваёй даўно памерлай бабулі, дзіравыя фіранкі ў пакоі, якім больш гадоў, чым нам з табой разам узятым, смешныя фотаздымкі сяброў і родных, прымацаваныя шпількамі на дзівосныя шпалеры ў дробную кветачку, шырачэзная зашмальцаваная канапа з маленечкімі вышыванымі падушачкамі, адзінокая звялая кветка на падваконні ў аблезлым вазоне, званкі ў перыяды дыпрэсіі, крыўды на мае адмовы прыйсці, калі я далёка ці пільна заняты, выпадковыя сустрэчы на прыпынку ці ў транспарце, неразборлівы почырк на падораных мне з нагоды паштоўках, шалёнае захапленне жыццём ў кароткія прамежкі паміж чорнымі палосамі ў тваім існаванні, пажыццёвы фінансавы крызіс, вечны пошук новага месца працы, амаль пусты халадзільнік, чэрствыя лусты хлеба, не твае цыгарэты на стале пасля ўчарашніх пасядзелак, надбітыя рознафарматныя кубкі ў ракавіне, сябры сяброў, што прыйшлі невядома чаго і сышлі пазней за саміх сяброў, заўсёдны творчы пошук, бясконцыя спробы напісаць нешта звышгеніяльнае, адсутнасць святла ў калідоры, запальнічка без газы на тэлефоннай палічцы, зацёрты да шэрага некалі чырвоны дыван ў пакоі з блакітнымі шпалерамі, старое як свет крэсла, на якім гарой звалена вопратка, зламаная драўляная расчоска на шкляной палічцы ў ванным пакоі, дзіцячы шампунь, хоць табе дваццаць сем, спіс справаў на мінулы тыдзень на халадзільніку, бацькаў гадзіннік, што спыніўся цэлую вечнасць назад, бессэнсоўныя даўжэзныя лісты ні пра што ў час маіх паездак, твой здзіўлены погляд і маленькая зморшчынка...

...А ў тваіх словах было толькі “не кахаю”. І нічога больш...



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью