Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Сомс быў сапраўдны...

Автор: Кіявіцкая Таццяна

27.08.2018

Просмотров: 1656


– Пачнем. Раскажыце крыху пра сябе.

– Хммм... Што ж, у папярэднім жыцці я была брытанкай. Жыла ў Лондане. Памятаю, што кахала Філіпа Басіні, але так і не выйшла за яго замуж. Доўгая, непрыемная гісторыя...


– Басіні? Гэта нейкі палітычны дзеяч?

– Хутчэй архітэктар. Ведаеце, мой дзед быў супраць (я жыла ў яго), але заручыны, усё ж такі, справілі. Потым усё пайшло не так... Ён – я маю на ўвазе Басіні – загінуў, трапіўшы пад амнібус... Прабачце, але мы збіраліся гаварыць пра літаратуру.

– Так... Проста ў Вас такая цікавая гісторыя. Але... Давайце і насамрэч звернемся да  тэмы. З чаго пачнем? Ну вось... хто Ваш любімы літаратурны герой?

– Банальнае пытанне. Вы насамрэч хацелі з яго пачаць?

– Я паспрабую. Дык Вы адкажаце?

– Сомс.

– Сомс?..

– ... Сомс Фарсайт, сын Джэмса Фарсайта.

– Вы кажаце пра героя Галсуорсі?

– Канечне.

– Але чаму Сомс?

– Сомс быў сапраўдны.

– Вы не блытаеце яго з Джоліанам Фарсайтам? Я маю на ўвазе малодшага.

– Блытаю? Ну што вы! Я кажу пра Сомса. Сомс самы сапраўдны  з усіх.

– І ў чым, прабачце, яго сапраўднасць?

– У яго заблытанасці. У яго хаосе. У яго шматзначнасці. У стрыманасці і адначасова – агрэсіі. Гэты герой з незвычайным унутраным светам.

– Складаным?

– Я б сказала – шматмерным.

– Да таго ж, ужо тое, што ў патрэбны момант ён здольны стрымаць пачуцці і словы, каб не спрычыніць болю блізкім (я маю на ўвазе, калі ён прыйшоў да сястры пасля таго, як здарылася ўся гэтая непрыемная гісторыя з яе мужам. Яго рэакцыя – “каціся!” адносна Дарці, але ён стрымліваецца дзеля сястры) – ужо гэта заслугоўвае ў маіх вачах павагі. Ён не абыякавы, не халодны, ён... Ён нават адчувае крыўду – за сястру. Разумееце?

– А што вы скажаце пра яго адносіны да Ірэн? Яна ёсць увасабленне прыгажосці, эмблематычны, можна сказаць, вобраз... І праз усё яго жыццё праходзіць яна...

– ...Тое самае – яны сапраўдныя.

– Выбачайце?

– Адносіны... Яны шматмерныя. Яны – чалавечыя, калі хочаце. Ён залежны ад яе, яна – частка яго свету. Сусвету. Яго Космасу. Вялікая частка. Згубіць яе – нібы страціць частку сябе. Уявіце, нібы страцілі які-небудзь орган, частку цела – вам страшна, няёмка, нязвычна, вам хочацца вярнуцца да нармальнага паўнавартаснага жыцця. І яму хочацца.

– Але столькі год ён жыве з гэтым адчуваннем. Няўжо ў ім не было той моцы, сілы волі, у рэшце рэшт?

– ...Каб перамагчы гэтую, калі так сказаць, хворасць? О... Таму ён і сапраўдны, што не змог пераадолець пачуццё. Уявіце сабе, чаго яму каштавала праз колькі там год (шмат год!) увайсці ў дом, які будаваў ён, для яе. І ў якім жыве яна. Без яго. Калі ён прыходзіць да яе ўжо напрыканцы...

– Вы маеце на ўвазе Ірэн?

– Так. Праз столькі год ён не можа спакойна ўвайсці... Разумееце? Значыць, яго душа жывая. Ён не монстар Фарсайт. Ён не проста ўласнік. Ён жывы чалавек. Ён моцны.

– Але ён прыйшоў дзеля дачкі...

– І гэта таксама гаворыць на яго карысць: ён любіць Флёр больш за самога сябе. Ён не проста добры бацька. Пра такога бацьку застаецца толькі марыць.  Да таго ж, аўтар не хавае ад нас, што герой заўсёды жыў пачуццём сямейнасці і любові да дзяцей. Проста дзяцей у яго доўгі час не было. Тым больш Ірэн не хацела ад яго дзяцей. Не проста не хацела...

– ...Джоліан таксама добры бацька.

– Кожны з іх добры па-свойму.

– Але Джоліан яшчэ і добры муж.

– Сомс таксама добры муж. Проста жонка яго не кахала. Разумееце?

– Вы гаворыце пра Ірэн?

– Так. Другую жонку ён узяў па разліку: яму патрэбны былі дзеці. Але Ірэн была для яго не проста ўласнасцю, як звычайна пішуць.

– Вы думаеце, калі б яна яго кахала?..

– Не будзем выходзіць за межы таго, што дадзена ў тэксце.

– Але ж мы ўжо выйшлі, бо абмяркоўваем герояў, як існых людзей.

– Па-першае, у іх былі прататыпы. Па-другое, “Сага” для мяне – рэальны свет з рэальнымі людзьмі. Такіх твораў, у якіх жывеш, а не проста пераходзіш са старонкі на старонку, не так і шмат.

– Тады што думаеце наконт старога Джоліана Фарсайта?

– Што думаю?

– Так, хто ён у Вашым разуменні?

– Ведаеце, Галсуорсі сам заўважыў, што Сомс вельмі падобны да Джоліана. Толькі яны з усіх Фарсайтаў могуць цвёрда і больш таго – разумна падыходзіць да справы.

– Толькі гэта?

– А яшчэ ў іх незвычайных адносінах да Ірэн. Яна з’іначыла іх жыцці.

– Не толькі іх.

– Іх – як нікога. Адзін завалодаў ёй фізічна, другі – духоўна. Абодва не валодалі ёй поўнасцю. Разумееце?

–  Не магу пагадзіцца...

– Проста задайце наступнае пытанне.

– Так... Хвіліначку... Зараз... Вось. Ну... што скажаце... як наконт унутранага свету самога Сомса? Я маю на ўвазе, ці не спыніўся ён у сваім развіцці, так бы мовіць, засяродзіўшыся на Ірэн, а пасля і на Флёр?

– О не! Сомс – чалавек надзвычайна тонкі. Ён не аднабаковы (вы кажаце пра гэта?). Па першае, ён чалавек з моцным грунтам пад нагамі, з моцным – не толькі матэрыяльна, але і маральна. Ён – чалавек, які прывязаны да свайго (хіба гэта кепска?). Пачуццё дому не пакідае яго ніколі.

– Што Вы маеце на ўвазе?

– Возьмем хаця б іх з Флёр паездку ў Штаты ў “Сустрэчах”. Ён ўвесь час адчувае, што яму не хапае гэтага хатняга смаку ў ежы (куды б ў госці не пайшоў – усюды тое ж, і хоць і смачна... але не тое), чацвёртай сцяны ў гасцёўні гатэля, якая ў амерыканцаў заменена калонамі. Чаго там яшчэ? Прасторы, спакою, адзіноты ў рэшце рэшт..

– Але хіба гэта сведчыць пра багаты ўнутраны свет?

– Ну... гэта адзін са складнікаў. А яшчэ... Ён адчувае мастацтва, як ніхто. Вось... быў там момант, калі ён доўгі час сядзіць ля адной статуі на вашынтонгскіх могілках. Яна прыцягвае яго, нібыта гаворыць пра самае глыбіннае ў яго душы.  Ён прыйшоў да яе адзін, бо напярэдадні, калі быў там з Флёр і яшчэ кімсьці, змог адчуць толькі тэхнічную дасканаласць. Разумееце? Мастацтва для яго – не прадмет уласнасці, а пэўны інтымны суразмоўца.

– Але той дом, які будаваў ён для Ірэн таксама быў мастацтвам, а не проста будынкам для сямейнай пары, але Сомс...

– Пачакайце. Дом прыдумаў не ён. Дом ствараў Басіні, а Сомс...

– Басіні?.. Выбачайце, мне здалося.... Вы ўзгадвалі Басіні на пачатку нашай размовы...

– ...

– Вы казалі...

– Так, я памятаю.

– Дык гэта той самы, за якога Вы не выйшлі ў тым жыцці?

– Час выйшаў. Спадзяюся, я пераканала Вас.

– Выбачайце, у чым?

– Сомс быў сапраўдны.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью