Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Чатыры фільмы Андрэя Хадановіча

Автор: Кіявіцкая Таццяна

18.09.2018

Просмотров: 2043


Гісторыя ў чатырох фільмах, расказаная Андрэем Хадановічам, схавана пад вокладкай з літаркамі, зведзенымі так блізка, што атрымался нешта падобнае на слова – “Бэрлібры”, і ўжо такім адмысловым чынам рэжысёр ківае нам на татальную берлінізацыю кадраў, фрагментаў, серый ці, проста кажучы, вершаў.


Але берлінізацыя, усё ж, не татальная. Тут хапае і Уроцлава, і Амстэрдама і, дзякуй спадару Андрэю, Мінска. Гісторыя, як я чакаю, мусіць быць рознастылёвай, як і самі фільмы: “Касец газонаў” (1992 г., фантастыка, рэж. Б. Леанард), “Пераключаючы каналы” (1988 г., камедыя, рэж. Т. Котчаф/ T. Kotcheff/), “Успомніць усё” (1990 г., фантастычны баявік, рэж. П. Верхувен), “Апошняе метро” (1980 г. , драма, рэж. Фр. Труфо). Я паспрабую (як на кінастужку) зрабіць своеасаблівую анатацыю (ведаеце, як пераказваюць кароткі змест) усіх чатырох частак. Для тых, хто не глядзеў... упс! – не чытаў. І скласці гісторыі ў пазл. Забыўшыся, што кожны верш-кадр мае сваю назву.

І Касец газонаў

 Стары паэт без шкодных звычак і зубоў, шырокавядомы ў вузкіх колах, чытае з падкрэсленым выклікам, бо яшчэ хвалюецца. Ён здольны хвалявацца. Сённяшнія Гамер (можа кіраваць Нацыянальнай бібліятэкай), Сапфо (атрымала Нобель за прапаганду паліткарэктнасці), стары Анакрэонт (кінуў піць), Віён (адчуў усемагутнасць праваабаронцаў), Гюго (усімі адрынуты), Ганкур (пакутуе на падваенне асобы), Фолкнер і Маркес (прапануюць гарачыя туры) і Катул (нязменна аплаквае вераб’я сваёй каханай). Навокал – папса ў FM-дыяпазоне. Асляпляльна прыгожая дзяўчына змятае з падлогі рэшткі прыгажосці. І “Зорка Венера”– усяго толькі пазыўныя ў метро. І аслупянелая дзяўчынка з герпесам – усяго толькі персанаж Якуба Коласа. Смерць – гэта залаты мурог, скошаны газонакасілкай. А пакос – гэта спроба адкасіць. І кожны з нас займае не сваё месца ў цягніку жыцця, хоць на квітку выразна пазначана: “Табе тут не месца”. Жонка магла б цешыцца. Але больш цешацца мужыкі і супрацоўніцы гатэляў, што будзяць так недарэчна рана. На выхадзе ў метро – латарэя на заўтра. І на адрэзку “вясна–восень” змяняецца частотнасць закрэсліванняў і шчыльнасць пісьма ў дзённіку, ён жа нататнік, ён жа чарнавік...

ІІ Пераключаючы каналы

Цесны берлінскі FM – толькі джаз і класіка. А значыць – “Пара па пабах!” з іранічным іранцам, затурканым туркам, расеянымі расейцамі, выгорцам, чарнагорцам, шатландскім горцам і сяброўкай, у якой сёння сухі закон. У Берліне дождж і немцы (А пра надвор’е можна даведацца наўпрост у гатэльным ліфце). Наступны прыпынак – блышыны рынак, хоць і выйсця няма. Ліпы і чатыры акардэаністы (відаць, прафесіяналы). Гледзячы на іх, успамінаеш чачэрскую бабулю і зборы ліпавай квецені ўсё там жа, у Чачэрску. А ў Амстэрдаме вы можаце апынуцца ці не адзіным, хто не ездзіць на ровары. І кафэшопы з экалагічна чыстай радасцю дапамогуць зразумець класікаў. Wrocław, гатэль Wodnik – добрае месца, каб узгадаць Дантава пекла і трапіць у Рай, не заўважыўшы Пятра. На сняданак – нацыянальная валюта Рэспублікі Польшча, адзін злоты, адзін польскі пончык. У самалёце трэба зберагчы святое – любімую кніжку, каб сцюардэса, не дай божа, не палічыла яе за смецце. І ўжо зранку – полтэргейст: адкуль цыгарэта ў руцэ чалавека, які ўжо дзесяць год не паліць? І каб толькі гэта... Спартоўцы-весляры сталіся брыдкімі качанятамі, а качаняты – зладжаным экіпажам “васьмёркі”. І зноў – пералёт. У горад, дзе вуліцы вузкія, аўтобусы шырокія, а асфальт шурпаты. На пачатку лістападу не забудзьцеся перавесці гадзіннік на летні час. Двухпавярховы “Лондан” – усяго толькі Мінск і добрае месца для трындзяжу. Галоўнае, каб вашая спадарожніца не была ў спадніцы. Тады – але не факт – вам засвеціць другі паверх. А ў гэты час у “Акварыуме” балакаюць залатыя рыбкі (па сумяшчальнасці беларускія інтэлектуалы), якія ходзяць (ці плаваюць?) сюды, як на працу. У “Экс-крыніцы” з кожным кухлем расце паэт і марнее злачынца (у адной асобе).

ІІІ Успомніць усё

Еўропа – гэта пясочніца з нявіннымі дзіцячымі забавамі і саўком (рыдлёўкай). Тут кожны – генерал пясчанай кар’еры. Жаночы футбол – усяго толькі пошукі лепшай долі. Для мяча, а не для нападніцы Тані. Агульны вагон набіты ўспамінамі – пра ўчора і Оберхор у тэлевізары. А ў горадзе – велагонка пратэсту (праўда, не зразумела, супраць чаго пратэстуюць). Можа, хто паглядзеў які Фільм Мілаша Формана (“Валасы” хаця б)? У памяці – да халеры таго, чаго памятаць не павінен. Усё дзякуючы TV. Каб ачысціць сумленне, трэба сесці якраз перад тэлевізарам і падсунуць пластыкавую сметніцу і паслухаць пра адносную вільготнасць і тое, што было да... І чалавек, які замешкаўся ля жалезнага плоту, зусім невінаваты ў выхаванні і стэрэатыпах назіральніка. На станцыі “Кастрычніцкая” цягнік па вядомых прычынах не спыняецца. І найкарацейшы шлях – не самы кароткі. Дзіця дакладна ведае, што газета”НН” добра рвецца на шматкі. І кругазварот бырла ў прыродзе ўкладаецца ў схему “пляшка – зямляк – пункт прыёму – новая пляшка – новы зямляк”. І трэба чакаць сваёй кніжкі на платформе Маскоўскага вакзала (дадатковы маршрут у “Бэрлібры”). Пэрл-Харбар – гэта бязлітасны працяг Камароўкі (камары – агульная сема для абодвух назваў).

IV Апошняе метро

Шэсць дзён падарожжа праз дождж – каб пабачыць сонца. І атрымаць падачу ад дзяўчынкі топлес. З’есці сушы ўдваіх і палузгаць бабуліных семак у постімпрэсіялістычнай манеры. Пасля вымыць акуляры і прапусціць самае цікавае. Паказаць майкі – то цнатлівыя, то выціснутыя жарсцю, што павіслі ў ванне на суседніх вяроўках. Маса нэта Афрадыты – уся 210 г. Да таго ж яна маўчыць. Дзяўчынка варожыць на пакеціках гарбаты. Зразумела, рамонкавай. Не кахае. Недакладны маштаб карты памяці 1:50. Далей на поўдзень ляціць скамечаны чарнавік. Адчыняюцца вокны, і мокрае лісце каштанаў параскідана па свеце як спасылкі. На фантомныя радасці Варажыць на каханне рэкамендуецца запытаннем, ці любіць абранніца Акуджаву. Галоўнае – паспець уцячы. У малы свет з доўгай вуліцай Завальнай і падземным шчасцем у выглядзе падковы. Варта толькі помніць пра наяўнасць прыватных тэрыторый, якія можна разгледзець толькі з іншага боку. Сіла не ў тым, каб падняць N-пудовыя гантэлі, а ў чым – невядома. Магчыма, гэта ведаюць хлопчык трох гадоў, што трахнуўся аб асфальт, хлопчык чатырох гадоў на аперацыйным стале ці хлопчык пяці гадоў, што з’еў чужую перадачу.

Гісторыя ў чатырох фільмах была даволі займальнай. Але так хутка скончылася – хапіла ўсяго толькі на дзве паездкі ў грамадскім транспарце.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью