Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Укрыжаваны Мінск

Автор: Кіявіцкая Таццяна

07.11.2018

Просмотров: 1460


Плывуць крыжы над горадам. Пад зорным небам, над халоднаю зямлёй, у чорнай бездані. Плывуць крыжы. Пралятаюць “Мерсы” ды “Джыпы”, разбіваюцца лёсы аб халодны шэры асфальт. А ім усё роўна – яны плывуць. Паміж небам і зямлёю.


Плывуць крыжы. Бласлаўляюць горад. Бласлаўляюць ноч. Гукі аргана запоўнілі нябачны храм. Прагучала ціхае “Амін”. І заплакала дзіця на руках кабеты. Па начным Менску паплылі крыжы. Людзі захіналіся ў шалікі, нацягвалі шапкі, хавалі пальцы ў пальчатках. Халадала. Танчыла бярозавае лісце на шэрай асфальтовай падлозе. Да яго далучалася кляновае, а пасьля каштанавае. Кастрычнік. Баляванне лістоў і самоты, цёмных начэй і халодных сэрцаў.

Нядзеля. Дзесяць гадзін раніцы. Пусты, бязлюдны праспект. Шэра-блакітнае, нібы нявымытае пасля вераснёўскага пылу неба. І касцёльныя званы спяваюць сваё прывітанне гораду. “Вітаем!…і таем! …таем…а…ем…” Горад не адказвае. А званы ўсё не змаўкаюць. Ну што ж ты, горад!.. Праспект абуджаецца бліжэй да дванаццаці. Вылазяць людзі, і пачынаецца рух. Паступова раскручваецца кола, кола жыцця сталіцы.

Час спыніўся дакладна не тут. Тут ён імчыць, ляціць, разганяецца. Час адпачывае ў ціхіх парках Варшавы. Там ён шэпчацца з паважнымі паўлінамі ці бесклапотнымі карпамі, назірае за мітуслівымі вавёркамі. Там ён гуляе па алеях, заглядаючы час ад часу ў вочы закаханых. Прысядзе каму-небудзь на плячо, сапсуе прычоску, зменіць колер валасоў да сівога ці разгладзіць зморшчыны і навучыць усміхацца.

– Гэй, ходзь сюды. Гледзячы на гэты амфітэатр, распавядзі мне таямніцы жыцця.

– Навошта? Ты сама таямніца. Калі зведаеш сябе, раскрыеш усе таямніцы.

– Усе-усе?

Ізноў падмануў. Добра хоць не збег, а брыдзе недзе паблізу. Бегаць за ім буду ў Менску. А тут… Яму й самому не хочацца спяшацца. Дык можа зойдземся ў музей?

– І што цябе прывабіла ў Музеі плякату?

– Як гэта што? Тут жа мае партрэты. Партрэты часу. Бачыш плякаты з тварамі Сталіна й Леніна? Гэта я. А вунь партрэты “недобразычліцаў”. Ууууух, якія смешныя. Нават іх дзеці ходзяць у школу са зброяй. А гэта светлае, без іншакантынентальнага ўплыву, будучае Польшчы.

– І гэта ты?

– Так бачылі мяне палякі паўстагоддзя таму.

У парку гуляюцца дзеці. Дзяўчынкі год па шэсць гушкаюць ляльку, шэптам аб нечым дамаўляюцца. Галубам не дае спакою маленькі чалавечак, што толькі-толькі навучыўся хадзіць.Маладыя маці сядзяць на лаўках, гартаюць часопісы, час ад часу зазіраючы на сваё дзіця. А яму няма калі сядзець. Час гуляе ў кронах дрэў, ходзіць па люстэркавай вадзе, не пакідаючы следу, хаваецца за спінамі дзяўчат і хлопцаў, што губляюцца парамі ў парку, шукаючы адзіноты. Ператвараецца ў немаўлят ці падлеткаў, старых і сталых прадстаўнікоў роду чалавечага. Тут яшчэ верасень. А вяртаешся ў Менск, бачыш нараджэнне кастрычніка. Халоднага,самотнага, менскага. Варшаўскі верасень пакінуты. Магчыма, мы яшчэ сустрэнемся.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью