Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Горад маёй душы. Частка 2

Автор: Кіявіцкая Таццяна

27.10.2018

Просмотров: 1186


...А яшчэ я люблю Траецкае – маленечкі сусвет на беразе адзінокай Свіслачы, які цудам захаваўся. Такі непадобны на ўсе іншыя. Там, дзе побач пульсуе пад зямлёй Няміга. Там, дзе недаўгавечны асфальт ператвараецца ў вечны брук. Дзе старая маленькая кнігарня нагадвае пра амаль сцёртае з памяці дзяцінства.



Вось толькі не люблю хадзіць там у суботу-нядзелю – зашмат вясельных працэсій ператвараюць гэты ціхі пазачасавы сусвет ў перанаселены шумны стандартны мегаполіс. Чужы мне. Несапраўдны. Выдуманы дзеля забаўкі.


Любіла хадзіць пасля да Багдановіча – маладога (а яму не было і дваццаці шасці), высокага, прыгожага, задуменнага, які сустракаў вас перад спектаклем. А цяпер ужо не сустракае, змяніў месца дыслакацыі. Пераехаў. Дакладней, пераехалі. За яго. Вырашылі, што хопіць ужо тут стаяць. Баста, пасуньцеся, малады чалавек, у нас тут грандыёзныя планы. Шкада. “Ты быў, як месяц, адзінокі”... і мне будзе цябе не хапаць.


Люблю парк Горкага ў той кароткі прамежак восені, калі жоўта-палымяна-чырвона-зялёнае лісце ўжо пачынае ціха-ціха ападаць на зямлю. І галоўнае паспець сабраць што-нішто з гэтай чароўнай палітры, якая праз дзень ператворыцца ў сухі бясформенна бляклы букет у тваёй вазе на століку, але зараз гэта казка ў тваіх руках, і пашапацець па ім, пахадзіць, пакуль прыбіральшчыкі не змялі ўсё, не пакідалі на машыны – і тады як бы нешта адабралі. Парк без душы – час сыходзіць. Наогул не разумею, навошта пакідаць гараджан без гэтага скарбу – адбіраць восеньскую пазалоту, якая падае проста пад ногі, падае, падае, падае... І хочацца затрымацца на імгненне, яшчэ на імгненне, яшчэ... каб толькі ніхто не заўважыў, як ты знарок ступаеш там, дзе больш, дзе хочацца нагнуцца і схапіць самы-самы... свой... лісток... І падараваць яго маме.


Але ззаду ўжо едуць машыны, жанкі змятаюць багацце ў кучы... І вось... няма.


І ты нібыта згубіў часцінку свайго сэрца, нібы і яго вывезлі і спалілі. Разам з апалым лісцем. Іду далей. Так, ёсць яшчэ колькі вуліц-месцаў-кропак у горадзе, якія жывуць у маім сэрцы. Але ці варта раскрываць усё?



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью