Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Выратаванне, горад і кава

Автор: Кіявіцкая Таццяна

26.11.2018

Просмотров: 996


Паміж парамі – фортка. Безнадзейна доўгая. Нібы вечнасць. Як неба. На прыступках – паляць, паляць... Жаночы факультэт. Мітусня стамляе. Сыходжу на той бок вуліцы. І назіраю.


Нясцерплы боль пануе ў засмечанай дробязямі галаве. Гэта жахліва. І боль, і дробязі – невядома чаму яны заселі ў галаве: лічбы на квітках, надпіс на стале, старая цана на аладкі, шматкрат выпраўленая буфетчыцай... Заселі і свярбяць, свярбяць мозг...

Але на якую гадзіну прыходзіць выратаванне. Раптоўна з’яўляецца на ругу разам з маёй аднакурсніцай, прадстаўляецца, усміхаецца. Гэтае выратаванне прапануе адшукаць добрую кавярню і проста пасядзець. І мы ідзем некуды, кудысьці, немаведама куды... Нас прымае кавярня на плошчы Перамогі. Замаўляю кубачак кавы. Маленькі-маленькі. Але настолькі неабходны зараз. Як спакой, як мяккі цёплы голас недзе побач...

Ідзе спрэчка за горад. Дакладней, за гарады. Я на баку выратавання. Ён кажа: “Мінск – гэта светлы горад. Безумоўна. Вось паглядзіце”. Я заплюшчваю вочы – і бачу асветленыя вуліцы, фарбаваныя ў ружовы і сметанковы дамы... А яна кажа: “Мінск – шэры горад. У ім няма душы”.

Ідзе спрэчка за неба. Мінскае неба. І я зноў на баку выратавання. Проста я яшчэ не бачыла паўночнага полацкага неба. Але кожны дзень назіраю сваё, мінскае. І разумею –– гэта прыгажосць, гэта непаўторная казка, штодзень новая. Яно прыгожае ўсякае: і чорнае-чорнае, і з дзіркамі-зорамі, і крывава-пунсовае, і з бэзавым адценнем, і з залатымі разлівамі, і сіняе-сіняе, і блакітнае з белым, і шэрае, нізкае, і празрыста-звонкае...

Мінск –– светлы горад пад штодзённа зменлівым небам.

Гэта мой горад.

Шкада, што іншыя не могуць адшукаць у ім душы.

Проста ім гэты горад чужы. Але ў іх ёсць свой горад. Таксама светлы і прывабны. Для іх.

...Кава збегла ў чорную гушчу, нібы вада ў пясок – і выратаванне канстатавала: “Што ж, кава скончылася”. А тры гадзіннікі адначасна зашапталі: “Час вяртацца”.

І тады зноў прыйшоў галаўны боль.

Нясцерпна-надакучлівы.

Без надзеі на выратаванне.

Гады праз тры я прыехала ў Полацк. Я не знайшла там душы. І мне ён здаўся халодным і шэрым.

 



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью