Фоторепортажи





   Фоторепортажи    Новостной календарь    Хостинг картинок    Статьи    Реклама

Схема, па якой я жыву...

Автор: Кіявіцкая Таццяна

05.12.2008

Просмотров: 3137


Я завіс між зніклым учора і несустрэтым заўтра. Усё вакол паўтараецца: тая самая раніца, тая самая лесвіца, той самы трамвай, той самы пад’езд. Нічога не адбываецца, і я ўжо нават не адчуваю, не жыву, а проста плыву па ціхім-ціхім сваім жыцці.


Аўтаматычна, усё раблю аўтаматычна. Прачынаюся, снедаю, выходжу, еду, прыходжу, выходжу, вяртаюся, вячэраю, выходжу, гуляю, вяртаюся, гляджу ці слухаю, засынаю. І чым больш выпрацоўваецца ў маім арганізме аўтаматызма, тым больш пільным раблюся я да дробязяў, якія кожны дзень новыя. Маленечкія-маленечкія, якія прыцягваюць увагу і не даюць мне канчаткова стацца робатам. Прызнацца, на пачатку я сам прымушаў сябе выцягваць з гэтай схемы дня тыя самыя дробязі, а потым гэта сталася неад’емнай часткай мяне, жыццёвай неабходнасцю. Новая спадніца ў дзяўчынкі на прыпынку; абарыген з дома насупраць сёння ўсё ж такі не паспеў на аўтобус, раззлаваны гэтым відавочна; кандуктар усміха-ецца; на прыступках офіса – шэрае кацяня, відаць, яшчэ сустрэнемся; у Зоські ў за-вушніцы не хапае аднаго каменьчыка; Даніла абадраў насы ў чаравіках – зусім жа новыя, шкада; аловак прытуплены – відаць, хтосьці ўжо пакарыстаўся, вунь у сметніцы і лісток з календара парваны; кацяня збегла; мужыкі з завода выйшлі на хвілінку раней – і паспелі на мой трамвай; у краме адна новая касірка, непрыветная – дрэнна, кожны дзень бачыць та-кую не надта хочацца; пад пад’ездам няма машыны Пятра Анісімавіча, затрымліваецца, відаць; рэкламны лісток у куце, пэўна – так, дакладна – такі ж у маёй скрыні...

– Мне восьмы.

– Дзевяты.

Відаць, суседка. Я ўсіх не ведаю. Я тут толькі другі год. З суседзямі не надта знаюся. Я сам па сабе. Ведаю так-сяк Пятра Анісімавіча, бо чалавек ён з гаваркіх і любіць пастаяць вечарам ля пад’езда і з усімі “паздароўкацца”, цётку Ганну – яго жонку – ды хлопцаў з сёмага, па імёнах не памятаю, але словам-другім часам перакідаемся. Прыбіральшчыцу яшчэ ведаю. Вось і ўсе мае знаёмствы. Гэта таксама мая палітыка – не лезці ў чужыя жыцці і ў сваё лезці не даваць. Я аднаасобнік.

Вячэра на аднаго. Смажаная бульба з акрошкай. Вечаровы шпацыр у блі-жэйшы парк. Спякотным летам гэта выратаванне. Думаю завесці сабе сабаку, але толькі думаю. Ведаю – не завяду. Проста часам хочацца, каб нехта быў побач і па-жадана маўчаў. Праходжу ля латка з садавінай. Чалавек пяць стаяць, апошняя – дзяўчынка, што ехала на восьмы. Іду далей. Ля кінатэатра незвычайна бязлюдна. Усе ля фантанаў у парку. Хлопчык на самакаце сёння без мамкі. Відаць, вырашылі, што вялікі ўжо, можа і адзін пабыць. Сядаю на лаўку пад клёнамі. Чакаю, пакуль пройдзе дзед-барадзед са сваёй бабулькай з заўсёднымі бурштынавымі каралямі. Праходзяць няспешна, як заўжды, моўчкі. У бабулі свежая драпіна на руцэ. Недзе ўжо зачапілася. Сыходжу да ракі. Іду ўздоўж берега. Вітаюся з фоксам Роні – гаспадара не люблю, з ім не вітаюся. Прыходжу да вадаспада, стаю хвілін дзесяць, дыхаю вільготным паветрам і лашчуся нябачнымі кропелькамі, што падаюць, падаюць, падаюць...

Вяртаюся, навіны, шклянка кефіра. У дзесяць – лай бультэр’ера з дзесятага, праз момант – прачынаецца немаўля ў двухпакаёўцы, праз момант – мяне ўжо тут няма.

І толькі сны не падпадаюць пад прыдуманую лёсам схему, у якой я жыву. Яны прыходзяць не кожную ноч, але яны такія жывыя, такія сапраўдныя, што гэта становіцца маім новым жыццём, маёй іншай рэальнасцю. Сёння са мной мае аднакашнікі, чалавек дзесяць, мы адзначаем сустрэчу. Мне трыццаць пяць, я дакладна ведаю, што зараз мне – 35. І мы нарэшце сустрэліся. І – паглядзіце! – прыйшоў нават Генік, які знік пасля першага курса, пераехаў і абарваў з намі сувязь. Мне яго так не хапала пасля. Генік! – я так рады яго бачыць, што шукаю яму крэсла, каб пасадзіць поруч, і Рома Сенін – мой сябра і па гэты дзень – трымае яго за руку, каб толькі не знік. І нам усім так весела, што я неадразу веру прыходу раніцы, які настойліва абвяшчае мне будзільнік...



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью