Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Горад маёй душы. Частка 6

Автор: Кіявіцкая Таццяна

11.12.2018

Просмотров: 765


Калі ў горадзе пачалі ставіць калядна-навагоднія елкі, снег ужо сышоў. Сапраўдны, белы, пульхны лістападаўскі снег перадаў эстафету такому ж сапраўднаму снежаньскаму дажджу. І туману. І пад даджом апраналі сабраныя, як пазл, конусы-елкі ў гіганцкія шары і сняжынкі, а пасля развешвалі серпанцінам каляровыя лямпачкі – але ўключаць іх яшчэ няскора.


Мне здавалася, што гэта так зарана – пачынаць навагоднія прыгатаванні, калі яшчэ не скончылася восень. Свята павінна быць святам – кароткім, хуткім, каб шмат падзей, слоў, людзей, падарункаў змясцілася ў кароткі час, які пасля здаўся б імгненнем, але такім насычаным, такім... поўным.

 

Але калі адну чароўную ноч пачалі расцягваць на цэлую вечнасць, і нават залезлі ў восень, якая да свята гэтага не мае аніякага дачынення... Знікла адчуванне чароўнасці, ад якога яшчэ заставаліся кропелькі – яшчэ з дзяцінства, калі ноччу ў атопках з’яўляліся мандарыны, а побач ўзнікалі невядома адкуль падарункі і цукеркі – усе ж разам ішлі спаць: і мы, і бацькі, а яно нязменна з’яўлялася, хоць і раніцай уставалі ціхенька-ціхенька, пакуль не прачнуліся дарослыя.

 

Напрыканцы лістапада і ў снежні столькі дзён народзінаў, а людзям засцяць іх святы прыгатаваннямі да такой далёкай яшчэ ночы.

 

Восень крыўдуе на адабранае, крыўдуе так моцна, што лье і лье свае слёзы, а снежань не можа яе супакоіць, не можа прымусіць сысці. Снежань стаў бязвольны, слабы і нават мароз свой – разгубіў.

 

Крамы запоўненыя навагодняй атрыбутыкай – яе цэлы акіян, а таму выбраць так цяжка. Хочацца кожнаму падараваць нешта сапраўднае, нешта – з кавалачкам самой душы. Таму пошук становіцца бясконцым і амаль безвыніковым. Часцей за ўсё – купляеш не тое, што планавала, а тое, што раптам трапіцца на вока і нечакана спадабаецца, нібы ўсміхнецца. І ты возьмеш яго і яшчэ колькі часу яно пастаіць ў цябе на паліцы, і ты будзеш радавацца, што гэта якраз тое, што трэба, а пасля будзе нават шкада, што яно знікне. Але ты прыйдзеш у госці ўжо ў наступным годзе – і ўсміхнешся, бо часцінку сваёй душы ўбачыш там на паліцы.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью