У нейкі момант свайго жыцця я азірнулася і зразумела: тры самыя блізкія мне мужчыны носяць адно імя.
Мой першы А
Гэта той, хто ідзе побач са мной ужо большую палову майго жыцця. Мы ведаем адно аднаго так даўно, што мне цяжка ўзгадаць, а што было да нашага знаёмства. Гэта мой верны сябра, які дапаможа ў самай безвыходнай сітуацыі. Які здолее вярнуць мне веру ў людзей, калі ўсё пайшло дагары нагамі. Які вечна заняты сваімі бясконцымі справамі, але калі табе насамрэч нешта патрэбна – справы застаюцца ўбаку. Гэта чалавек, які ўвесь час вучыцца, імкнецца нечага дасягнуць. І дасягае. І зноў ставіць новую планку. Гэта чалавек, вакол якога заўсёды мноства прыгажунь, але які яшчэ так і не абраў сабе ніводную з іх. На маё шчасце, бо гэта той чалавек, якога я вось ужо колькі год кахаю, але сяброўства з якім настолькі дарагое і значнае, што я не дазваляю сабе перайсці рысу і рызыкнуць.
Мой другі А
Гэта той, хто нечакана, як цунамі, уварваўся ў маё спакойнае ўраўнаважанае жыццё. Безапеляцыйна. Той, хто амаль нічога не сказаў пра сябе, але і ў падрабязнасці майго не паглыбляўся. Той, ходзіць са мной у кіно і на розныя мерапрыемствы. Той, хто п’е са мной дарагое віно і церпіць мае выбрыкі. Той, хто не маючы вышэйшай адукацыі, тым не менш добра валодае інфармацыяй у розных галінах грамадскага жыцця і літаратуры, таму можа расказаць яшчэ больш за якога-небудзь кандыдата. Той, з кім я нават не спрабую спрачацца. Той, хто не патрабуе ад мяне ніякай сістэмнасці ў адносінах, але больш-менш сістэмна з’яўляецца ў маім пакоі. Той, хто маўчыць разам са мной гадзінамі і не патрабуе тлумачэнняў. Той, хто носіць мяне на руках і пры гэтым загадкава ўсміхаецца. Той, з кім я пачынаю звыкацца, і нават ужо думаю, што так мае быць.
Мой трэці А
Гэта той, хто, у маім узросце, ужо мусіў быў з’явіцца ў маім жыцці, каго вось ужо колькі год чакалі ад мяне родныя і знаёмыя, але каго ў мяне ўсё яшчэ не было. Але быў у маіх сяброў. З ім упершыню мы пазнаёміліся, калі яму было ад роду колькі тыдняў, а пасля я стала ўсё часцей з’яўляцца да яго ў госці. Гэта той, хто падкупляў мяне сваім даверам, сваёй мяккасцю, сваёй спагадай. Сваімі маленькімі цёплымі пальчыкамі, якія казыталі мне рукі і шыю (а я так гэтага баюся – таму смяюся, як істэрычка). Той, хто дазваляе мне браць яго на рукі, хто так шчыра ўсміхаецца і хто не ўмее яшчэ маніць і ліслівіць. Той, хто некалі вырасце і стане лепшым сябрам ці каханкам. А магчыма, здарыцца так, што ўсё будзе разам.











