Ці не хочацца вам адчуць мільярд удараў? Калі раптам захочацца, пачытайце аднайменную кнігу Юрыя Станкевіча, якая выйшла ў гэтым годзе ў “Галіяфах”. У томіку сабраны дзве аповесці, апавяданні і п’еса. Па праўдзе, мне хапіла і прозы, таму драматургію я пакінула без увагі (ды і не люблю чытаць драматычныя тэксты) – нахапалася ўражанняў ад лакальна-сусветных катастроф і суцэльнага хаосу ў аповесцях і апавяданнях
Катастрофа адбылася яшчэ ў першай аповесці кнігі (“Эрыніі”) – другі Чарнобыль, пасля якога ў мастацкую прастору Ю. Станкевіча прыйшлі хаос і дысгармонія. Людзі згубілі ці не ўсё чалавечае, нешматлікая эліта знішчана; свет ператварыўся ў суцэльны бруд, гвалт і здзек. Але ў гэтым хаосе яшчэ існуюць праваахоўныя органы...
І вось з Мегаполіса ў Паселішча, разглядаючы ў вузкае акно цягніка пустынныя краявіды, едзе Слядак па справе дзіўных забойстваў (так, усё ўмоўна, таму неканкрэтна). Родныя яго загінулі: бацькі – ад эпідэміі, сястру згвалцілі і забілі. Слядак не падобны на іншых насельнікаў мастацкага свету твора: чалавечае ў ім яшчэ жыве, ён здольны адчуць шчасце, апынуўшыся ўдалечыні ад Мегаполіса, ля берага возера, здольны разважаць, разумець, шукаць і знаходзіць. Але дзіўнага хапае і ў гэтым персанажы. Ну вось хаця б тое, што гіганцкія белыя птушкі з выцягнутымі шыямі асацыіруюцца ў яго з варонамі. Магчыма, пасля катастофы нават вароны змяніліся да непазнавальнасці.
І вось усё ў мастацкім свеце “Эрыній” нейкае пачварнае, ненатуральнае. Нават лета заспякотнае, лістота на дрэвах счарнелая і трава высахлая. Людзі раптоўна паміраюць ад неймавернай гарачыні. Па берагах возера, вуліцах Паселішча – “шпрыцы з рэшткамі крыві і смецця”. Жахлівы пейзаж! А яшчэ – паўсюль безуладдзе, выхаваўча-працоўныя прадпрыемствы, смеццевыя звалкі, жоўта- і цёмна-скурыя скрозь у тату, блатны слэнг, спітыя твары, дамы-баракі, плантацыі, сельскагаспадарчы кластэр, забаўляльны комплекс у будынку школы... Нават чароўны востраў, дзе жывуць і здзяйсняюць сваю помсту эрыніі, – скрозь балоты. Людзі тут паважаюць толькі сілу і зброю. Адзін з герояў так і гаворыць: “Жыццё – гэта бруд. Няма чаго і бачыць”. “Гісторыя павярнулася назад” – вось у чым катастрофа. І такі не надта аптымістычны погляд на час, калі Шапенгаўэр стане ўжо старажытным філосафам, – на нашую з вамі будучыню – захаваецца і ў апавяданнях. Таму калі ў вас рыжова-прыўзняты настрой, пакіньце чытанне пра падзеі дзве тысячы трыццаць шостага года на перыяд дыпрэсіі ці абыякавасці да жыцця.
***
А другая аповесць, “Партрэт выпускніка на фоне адлігі”, рэч зусім іншая, праўда, шпрыцы ў гарадскім парку і памыйка за школай яшчэ нагадваюць чытачу пра бруд і хаос “Эрыній”.
З чатырох аднакласнікаў, выпускнікоў дзевятага класа, погляд аўтара спыняецца на Ігнаце Канюкове. Герой – гуманітарый, які любіць чытаць і чытаць шмат, працягвае навучанне ў вячэрняй школе і адначасова працуе на фабрыцы. Ігнат піша “амбіцыйныя” сачыненні, выклікае настаўніцу на дыскусіі, тлумачыць этымалогію свайго прозвішча, ужываючы лацінскія назвы, чытае Салжаніцына і цытуе рускага графа Растопчына.
Урэшце партрэтны жанр (як заяўлена ў назве) не вымагае падзейнасці. І гэта насамрэч зусім іншы, у параўнанні з “Эрыніямі”, мастацкі падыход. Па-першае, абраны для аповеду час – мінулае, не будучыня, і фантастыкі тут не патрабуецца; па-другое, канкрэтыка ў імёнах, месцах, установах (чаго ў кнізе не так і шмат). Сітуацыя не адчуваецца як наўмысна змадэляваная, як тое было ў першай аповесці ці ў апавяданнях.
Ігнат, галоўны герой “Партрэта...”, усё мерае кнігамі, нават жытло сваіх сяброў: якое б прывабнае ні было, але калі з кніг там толькі падручнікі і дэтэктывы... (Дарэчы, Астапковіч – адзін з тых чатырох аднакласнікаў, што вырашылі сысці са школы пры першым зручным выпадку, – згадвае пра магчымасць наняць рэпетытара, каб падвучыцца перад паступленнем у інстытут. Няўжо ў той час ужо ведалі такія словы?..)
Па сутнасці, гэта аповесць ёсць замалёўка з жыцця вячэрняй школы, гісторыя узаемаадносінаў вучня і маладой, не самай лепшай, замужняй настаўніцы. У кожнага з іх сваё месца ў сэрцы для кахання. У рэшце рэшт, усё гэта жыццёвае, і салодкага хэпі-энду не атрымліваецца, ды Ю. Станкевіч да яго і не імкнецца як тут, так і ў апавяданнях.
Падзейнасці, як і варта было чакаць, асабліва няма.
***
Ці не ўсё ў “Мільярдзе ўдараў” будуецца на анамальнасці, звышнатуральнасці ці псіхалагічнай сітуацыйнай завостранасці: Мегаполіс пасля катастрофы, сны, што здзяйсняюцца пасля расповеду, чалавек-мутант, што бегае хутчэй за аўтобусы і цягнікі, звышпадабенства героя са знакамітым Чэ, камета, што прамаўляе, і г.д.; удава, што церпіць выхадкі прыёмнага сына і яго сяброўкі, мужчына, які вар’яцее ў спыненым ліфце... Героі Ю. Станкевіча – не выбітныя асобы, не высокаінтэлектальныя, заглыбленыя персанажы. Некаторыя ведаюць штосьці з Кастанэды, некаторыя баяцца вакзалаў, некаторыя маюць імя, але збольшага гэта “чалавекі па імені”, а таму самое імя не іграе аніякай ролі. Хутчэй, калі б вы сустрэлі іх у рэальным жыцці, то не звярнулі на іх увагі.
Пісьменнік аддае перавагу сітуацыям-мадэлям, а таксама замалёўкам са школьна-студэнцкага жыцця. Так, Станкевіч мадэлюе, але яго мадэлі-сітуацыі самыя простыя. Толькі ў іх, як у пастку, адразу трапляюць героі: чалавек атруціўся і, апынуўшыся ў шпіталі, закахаўся ў сваю доктарку; выйшаў ад палюбоўніцы, а ліфт спыніўся між паверхамі; не здаў залік – і вымушаны ісці да выкладчыка ў інтэрнат; закахаўся – і прымае ўдзел у шоу, каб зарабіць для Яе грошы; ехаў у камандзіроўку – сустрэў былую аднакласніцу; паехаў да стрыечніцы ў горад і высветліў, што трапіла яна ў сапраднае балота... У гэтыя мадэлі-сітуацыі аўтар уводзіць героя-мадэль, не абцяжаранага залішняй філасофіяй і адукацыяй, але гэтыя простыя сітуацыі ці даводзяць гэтых “чалавечкаў” да ступара (“Сястра мая, Света”) ці наогул забіваюць іх (“Мёртвая кропка”, “Мільярд удараў”, “Вельмі смачная рыба фугу” і інш.). Вось толькі герой “Стрыечніцы” пачынае дзейнічаць, але аўтар наўмысна абрывае аповед, так і не паказаўшы чытачу вынік: галоўнае, што герой здолеў зрабіць такі крок, маленькі, але ўчынак, не застаўся абыякавым.
Толькі калі вы, усё ж такі, шукаеце прозы пачуццёвай, псіхалагічнай, лірычнай, тонкай – гэта не той выпадак. А калі хочаце сучасных прыпавесцей і замалёвак з таго, былога студэнцка-школьнага жыцця – калі ласка, гэта ваша кніга. Хаос і наступствы другога Чарнобыля вам гарантаваныя.
"Дзеяслоў" (№36 -2018)











