– Каб ты ведаў, колькі я ўжо іх з’ела...
– Дык тое было без мяне. Тут – іншая справа.
Спрачацца было бессэнсоўна, і я ўзяла тую, што была бліжэй да мяне. З мармеладам, не люблю.
– Як прайшоў дзень? – нарэшце запытала я.
– Як звычайна, безапеляцыйна адказаў Алесь Іванавіч, і ціха, нібы нешта нязначнае, дадаў: – Шыкоўна.
А пасля ён разгарнуў газету, што ляжала акурат перад ім на стале; некалькі хвілін мы маўчалі. Ён час ад часу гучна хлёбаў кефір з вялікага вясёленькага кубка.
– Што пішуць? – нарэшце не вытрымала я.
– Пакуль нічога цікавага не вычытаў.
“Ведаю, – падумалася мне. – І не вычытаеш. Проста хаваешся за сваю ўчарашнюю газету і пасміхаешся ў свае кефірныя вусы. Пройдзеныэтап”.
– А ведаеш, – раптам, зусім сур’ёзна сказаў Алесь Іванавіч. – Некалі я вазьму цябе за жонку.
Я ледзь стрымала смех.
– Па праўдзе, замуж я не збіраюся.
– Усе вы так гаворыце, а як прыйдзе час, навыперадкі бяжыце.
– Але я насамрэч не хачу.
– Я ж не кажу, зараз. Я пачакаю.
– Як бачу, ты да размовы падрыхтаваўся.
– А то як жа!
А ў бацькоў, Алесь Іванавіч, вы не спыталіся? – хацелася сказаць мне, але я моўчкі ўзяла цукерку. У такія моманты лепш заняць свой раток. Адна, другая... Але ўрэшце я вырашыла падтрымаць размову.
– І дзе мы будзем жыць?
– Пераедзем да цябе. Ты жывеш адна, а я з бацькамі.
– Пакуль усё лагічна.
– Таму рыхтуйся, Маня.
– І ўсім ты прапаноўваеш вось так, адразу – замуж?
– Чаму адразу? Мы ўжо ого колькі ведаем адно аднаго.
– Цэлую вечнасць, – сказала я, а сама падумала: “Год пяць, напэўна”. – Дык што пішуць?
Ён акуратна, не спяшаючыся склаў газету, выцер сурвэткай вусны і стала адказаў: “Дрэнь усякую. Драбяза”.
Пасля мы яшчэ гадзіну прагаварылі пра рознае-рознае, галоўнае пакінуўшы ў баку. Навыперадкі расказвалі ано аднаму свае планы на будучыню. Канечне, неверагодныя. Канечне, грандыёзныя. Канечне, гэта былі пясчаныя замкі. А пасля прыйшлі яго бацькі, і я спешна развіталася. Ужо ад самых дзвярэй вярнулася і пацалавала ў скроню: “Дабранач, сонейка”.
І сышла на доўгія дзесяць гадоў. Мне было дваццаць. Яму – шэсць.











