Фоторепортажи





   Фоторепортажи    Новостной календарь    Хостинг картинок    Статьи    Реклама

Што гаворыць маўчанне. Ч. 9

Автор: Кіявіцкая Таццяна

05.05.2009

Просмотров: 1603


Вясна бярэ верх. З'едзеных цукерак i шакалада становiцца ўсё больш. Але затое ёсць новыя рэчы i новыя жаданнi - усё гэта ў чарговай серыi нататак адной асобы.

58

Прызнаца ў тым, што ёсць... Гэта магло б стаць выйсцем. З бясконцых мрояў. Адзін званок – і быў бы іншы варыянт. Але табе не хочацца задаволіцца тым, што было. Ты рызыкуеш. І ведаеш, што дарма.

Дождж – на снег. Снег – на дождж. Ідзе змаганне за вясну.

59

Мае тысячы “я” заблыталіся ў бясконцых уявах і снах і спрабуюць дакрычацца да мяне. Але ім не справіцца. І гэта нават горш, чым магло быць.

Невымерная колькасць цукерак. Гэта проста залежнасць. Проста...

Уваходжу і плачу. Ад таго, што няма кветак у вазе. І не было. І не будзе. Апускаюся на падлогу і плачу.

60

Цёплы дождж. Матылькі на фіранках.

Вечар. І подых вясны ў адкрытую фортку.

61

Ціхі вечар. Ні званкоў. Ні размоў. Напярэдадні панядзелка.

Усё будзе добра. І ў вазе будуць кветкі. Будуць. Будуць. У снах-трымценнях застаецца мара. У фотаздымках кожны момант – вечнасць. І ціха-ціха адыходзіць дзень.

62

Вясна. Таму ўсё часцей спадніца. І новыя дыскі – музыка падтрымае адпаведны настрой. Усё больш люблю нечаканае, а таму не цярплю планаў. Асабліва не на бліжэйшыя дні.

Было дзве сустрэчы. Абедзве філалагічныя. Абедзве прыемныя. Абедзве на Карла Маркса.

63

Салодкі мандарын. І цёплы вечар. У якім разліты кванты-жаданні. Цукеркі і шакалад з’едзеныя яшчэ ўчора. У мяне не затрымліваецца.

Убачыла новыя дамкі, паднятыя над шырокай вуліцай. Згадка пра Траецкае. Добра прыдумалі. Прыгожа. Прынамсі, знешне выглядае надта прывабна. Горад змяняецца.

64

Апельсінавы сок і шакаладны пудынг. Спроба дажджу. За новым сталом лёгка пішацца і марыцца. Асабліва пасля доўгіх блуканняў па горадзе.

65

Свет трымаецца не на трох кітах. Гэта дакладна. Але на чым – не ведаю. Ведаю толькі, што кароткае праклятае “чаму?” разбівае мой свет дашчэнту. Кожны дзень. Тысячы разоў на дзень.

66

Шчасце ёсць. Больш таго – можна самому зрабіць сябе шчаслівым. Няхай і кароткачасова.

Ты прачынаешся – і кветкі на стале. І новыя рэчы ў гардэробе. І прыемна ўсміхаешся ад успамінаў пра вясёлае ўчора. У ванне пахне лаймам і апельсінамі – новае мыла.

Ты прачынаешся – і кветкі на стале. І новыя рэчы ў гардэробе. І прыемна ўсміхаешся ад успамінаў пра вясёлае ўчора. У ванне пахне лаймам і апельсінамі – новае мыла.

Варта перавярнуць свой Сусвет і ўбачыць усё звыклае – па-іншаму. І ад гэтай радасці з’яўляецца столькі новых жаданняў, мар і планаў...

...Што хочацца цябе цалаваць і бегчы, схапіўшы цябе за руку, бегчы ад штодзённасці.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью