Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Што такое ТЮТ і як туды патрапіць?

Автор: Данилевич Дарья

28.06.2009

Просмотров: 1930


У сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі савецкі прафесійны тэатр ужо дасягнуў свайго росквіту, трывалыя пазіцыі пачынаюць займаць і аматарскія гурткі, студыі, тэатральныя майстэрні. Менавіта ў гэты час пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі горада Мінска пачынае працу першая сталічная тэатральная студыя для дзяцей і падлеткаў. З мастацкім кіраўніком Наталляй Яўгеньеўнай Рачкоўскай ўзорная тэатр-студыя юнацкай творчасці (ТЮТ) працуе ужо больш за 25 год. Мне ўдалося пагутарыць з ёй пра тэатр, пра дзяцей і пра ўсё тое, з чым яна штодзённа сутыкаецца ў сваёй цікавай неардынарнай прафесіі.

Наталля Яўгеньеўна, раскажыце, калі ласка, як Вы трапілі ў ТЮТ.

-Тэатр-студыю заснаваў яшчэ ў 1966 годзе Валерый Пятровіч Мароз. Сёння ён працуе ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры. Памятаю, як у 1971 годзе мама ўпершыню прывяла мяне да яго на заняткі. Я нават прадставіць сабе не магла, куды іду, што мяне чакае. Была ўражана ўсім, што тут убачыла:  і атмасферай у студыі, і аднагурткоўцамі, і самім Валерыем Пятровічам…         

Трапіць сюды было няпроста. Валерый Пятровіч праводзіў 3 адборачныя туры. Займацца акцёрскім майстэрствам у яго маглі толькі самыя лепшыя. І гэта не дзіўна: тады наша студыя была адзінай у Мінску.

Валерый Пятровіч умеў разгледзець сапраўдны талент. Большасць беларускай творчай інтэлігенцыі выхаваў менавіта ён. Сярод яго вучняў і народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак, і Віктар Манаеў, і Ігар Янкоўскі, і Ірына Бразгоўка…усіх нават не пералічыш адразу. Дарэчы, многія з іх сталі вядомымі і далёка за межамі краіны, некаторых мы часта бачым па тэлебачанні.

Займалася ў студыі 6 гадоў, потым паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на лялечнае аддзяленне. А пасля заканчэння Акадэміі у 1982 годзе вярнулася ў студыю ўжо ў якасці выкладчыка. Так здарылася, што я прыйшла сюды працаваць ці не ў самы складаны перыяд у яе гісторыі. У НЦМТДзіМ адбыўся пажар, і магчымасць праводзіць рэпетыцыі і заняткі тут мы страцілі. На працягу дзесяці гадоў пераяжджалі з аднаго паўпадвальнага памяшкання ў іншае. Нейкі час займаліся ў музычнай зале дзіцячага садка, потым у класах 126 школы. Былі вымушаны чакаць закакнчэння заняткаў, графік стаў неўнармаваным… Адным словам, умовы працы былі складаныя як для выкладчыкаў, так і для дзяцей. Але, што дзіўна, нікога з вучняў гэта не пужала, усе па-ранейшаму працягвалі наведванне.

-Раскажыце пра становішча тэатра –студыі сёння. Як можна трапіць на вашы заняткі?

- Набор у студыю праводзіцца з пачаткам навучальнага года. Усіх, хто прыйшоў да нас, дзелім на 10 груп у адпаведнасці з узростам. У асноўным, нашым вучням 17-18 гадоў, але ёсць групы і з 14-15 гадовымі. А з 1997 года, калі да нас прыйшоў працаваць наш былы вучань Уладзімір Генадзьевіч Кап’ёў пачалі набіраць і зусім маленькіх дзетак – па 6-7 гадоў. Звычайна ў верасні да нас прыходзіць каля сарака чалавек, але к вясне застаецца 15-20 самых стойкіх, самых цярплівых і, канечне ж, самых таленавітых. Я не праводжу ніякіх ўступных іспытаў, а за 25 гадоў маёй працы не выгнала са студыі ні воднага чалавека. Займацца ў нас можа любы жадаючы. Але натуральны адбор у нашай студыі ўсё ж такі дзейнічае: падлетак сам адчувае, ці варта яму працягваць заняткі, ці цікава яму гэта. У некаторых проста не хапае часу. Ёсць у нас і такі прыклад, калі шасцігадовы хлопчык запісаўся ў студыю, хадзіў сяк-так год-два, потым кінуў. А праз некалькі гадоў, ужо ў пятнаццацігадовым узросце вярнуўся зноў. Некаторым дзецям складана адразу зразумець, што ім па-сапраўднаму цікава. Многім да гэтага трэба дарасці. І, сапраўды кажучы, ужо на пачатку года я разумею, хто зусім хутка расчаруецца , а хто затрымаецца ў нас надоўга. Таму што талент заўсёды бачны: у позірку, у паходцы, у тым, як чалавек размаўляе…

Што датычыцца непасрэдна заняткаў, то займаюцца з маладымі тэатраламі тры настаўнікі: разам з Людмілай Мечыславаўнай Богдан набіраю старэйшых, з самымі маленькімі займаецца Уладзімір Генадзьевіч. Адразу групы фарміруюцца даволі дакладна, але пры пастаноўцы спектакля, канешне ж, могуць межы паміж імі размываюцца. Заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень. Акрамя акцёрскага майстэрства з дзецьмі рэгулярна працуюць спецыялісты нашага цэнтру, якія вучаць іх харэаграфіі і вакалу..

-Якія вашы спекатклі можна убачыць на сцэне сёння?

-Зараз у нас ёсць пяць гатовых спектакляў. Гэта “Чемоданчик Чепухи” знакамітай расійскай пісьменніцы і драматуурга Людмілы Петрушэўскай, “Тень” Яўгена Шварца, “Освобождение Алексии. Фильм шестой” драматурга еўрапескага маштабу Аляксея Шыпенка і “Дред-ноуты” Яўгена Грышкаўца. Удзельнікі малодшай групы падрыхтавалі спектакль “Да здравствует дружба!”. Прысутнічаць на іх можа любы жадаючы, уваход вольны. На жаль, пытанне з памяшканнем не знятае і сёння. Звычайна мы ставілі спектаклі на сцэне нашага цэнтру. Наш калектыў гатовы іграць кожны тыдзень, але такую магчымасць мы атрымліваем каля двух разоў на месяц. Нажаль, у хуткім часе і гэтага ў нас не будзе: актавая зала цэнтру на некалькі месяцаў будзе зачынена на рамонт. 

Рэпертуар мы стараемся абнаўляецца кожны год. Гэта дазваляе не таптацца на адным месцы, а увесь час займацца нечым новым, цікавым. Хаця некаторыя нашы спектаклі з задавальненнем паставілі б зноў. Ёсць сярод іх такія, якімі мы па-сапраўднаму ганарымся. “Наблюдатель” Аляксея Шыпенка і “Обыкновенное чудо” Яўгена Шварца, напрыклад. Вельмі любім таксама “Антигону” і “Жаворонка” па Аную Жану. Асаблівае месца заўсёды, мабыць, будзе займаць “Гамлет” Шэкспіра. Да гэтага спектакля нашы сябры з гурта “Плато” спецыяльна напіслі музыку, якую падчас пастаноўкі выконваў на сцэне аркестр. Шкада, што зараз няма магчымасці паказваць яго гледачу. У гэтым наш вялікі мінус перад прафесійным тэатрам: яны могуць лёгка захоўваць рэпертуар. У нас жа нават няма месца для трымання дэкарацый. Затое ў нас ёсць ці не самае важнае для творчага чалавека – магчымасць эксперыментаваць! Нярэдка дэталі да спектакля дадумваюцца ў ходзе працы.

-А якім чынам Вы выбіраеце п’есы для пастановак?

-Заўсёды прыходзіцца глядзець на тое, хто будзе іграць. Зусім рознымі будуць п’есы для шасцігадовых дзетак і васемнаццацігадовых юнакоў і дзяўчын. Трэба звяртаць ўвагу і на суадноснасць колькасці дзяўчынак і хлопчыкаў, неабходных для спектакля. Напрыклад, нейкі час у студыі зусім не было хлопчыкам. Прыйшлося ставіць з дзяўчынкамі санеты Шэкспіра. Тым не менш, мы робім тое, што нам хочацца , што нам па-сапраўднаму цікава. Ніколі не губляем час на тое, што застаўляе пазяхаць і акцёраў на сцэне, і гледачоў у зале. Праўда, часам у нас атрымліваецца як у прыказцы “Апетыт прыходзіць падчас абеду”. Дзеці могуць пачынаць працу над п’есай без асаблівага энтузіязму, але праходзіць час, і іх ужо не адарваць ад працы!

Я люблю ставіць асветніцкія п’есы. Зараз вельмі хочу папрацаваць над “Недорослью” Грыбаедава. Такіе спектаклі неабходны, перш за ўсё, самім выканаўцам. Яны ж у нас, як ні як, яшчэ дзеці і падлеткі, у якіх характары толькі фарміруюцца. Дарэчы, падыход да дзяцей трэба выкарыстоўваць зусім не такі, як да дарослых. Дзеці і падлеткі вельмі дакладнае выконваюць тое, што ад іх просяць. Ужо на трэцяй рэпетыцыі ўсе іх рухі і словы будуць аўтаматычнымі. У такіх умовах неабходна не прыціснуць асобу дзіцяці, яго творчае “я”. У іншым выпадку ў спектаклі не застанецца нічога індывідуальнага. Яшчэ адна асаблівасць працы ў дзіцячым калектыве ў тым, што вучняў пастаянна неабходна расштурхоўваць, імкнуцца чымсьці зацікавіць, “не даць заснуць”. А ўжо пасля гэтага галоўнае – у час спыніць, дзе трэба – стрымаць. Вельмі люблю працаваць з дзецьмі з-за іх жывасці. Усё ў іх атрымліваецца вельмі натуральна, шчыра. І нават калі дзяўчынка ці хлопчык мае невялікія парушэнні маўлення, не імкнуся змагацца з імі: гэта таксама дабаўляе жывасці і непасрэднасці.

-Звычайна ў творчых калектывах, як бы прыгожа ўсё не выглядала з боку, прысутнічаюць рэўнасць, зайздрасць, адчуванне пастаяннага спаборніцтва. А якія адносіны складаюцца паміж вашымі навучэнцамі?

-Канешне ж, усё гэта прысутнічае і ў нас. Які салдат не марыць стаць генералам? Кожнаму акцёру, нават аматарскага тэатра, хочацца выконваць галоўныя ролі. Адсюль і зайздрасць, і рэўнасць. Але асабіста я прытрымліваюся меркавання, што пад сонцам месца хопіць усім. Да таго ж усё гэта ў дзіцячым калектыве не такое ўжо і страшнае. Падчас падзелу роляў яны спаборнікі, а на рэпетыцыях, а тым больш па-за межамі студыі , яны сябры і памочнікі адзін аднаму. Тым больш, абстаноўка на рэпетыцыях заўсёды дабразычлівая, лёгкая. Гэта дазваляе дзяўчынкам і хлопчыкам лепш раскрыцца, паказаць, хто і на што здольны. А яшчэ ў такіх умовах здараецца столькі кур’ёзных выпадкаў! Падчас нашай першай паездкі ў Пецярбург адзін з хлопчыкаў неяк выпадкова адстаў ад групы на вакзале. Самі разумееце, многія дзеці ў нас далёка не звычайныя, часам нават празмеру акрыленыя і зачараваныя. Да таго ж яны не ведалі дакладна, куды канкрэтна мы едзем. Таму я не здзівілася б, калі б ён проста сеў у які-небудзь цягнік і з’ехаў. Мы перавярнулі з ног на галаву ўвесь вакзал, звязаліся з міліцыяй. Пра тое, што прапаў хлопчык (якому, дарэчы, было ўжо 18), некалькі разоў аб’яўлялі на ўвесь вакзал. У выніку ён сустрэў нас на станцыі метро, каля якой знаходзілася арганізацыя, што нас запрасіла. І здзіўлена спытаў: “Куды вы зніклі?”. Іншы раз кур’ёз адбыўся з гэтым жа юнаком ўжо ў Берліне. Мабыць, зблытаўшы з аўтобусным прыпынкам, ён выйшаў з транспарту, калі той спыніўся на светафоры.

-Як складваюцца адносіны з былымі вучнямі? Ці многа сярод іх прафесійных акцёраў?

-Толькі адзінкі звязалі сваё жыццё са сцэнай. Але мы і не ставім гэта сабе за мэту. Проста вучым іх любіць і разумець тэатр, быць людзьмі рознабакова развітымі, цікавымі. Усе яны знайшлі свае месцы ў жыцці, яле да гэтага часу шчыра любяць тэатр.  У некаторых нават з’яўляецца жаданне паўдзельнічаць у студыйных пастановах зноў. Увогуле, вельмі прыемна, што на студыю не забываюцца. Па святах заўсёды наведваюць нас.  Думаю, абавязкова прыдуць і на святкаванне юбілею.

-Раскажыце, калі ласка, што чакае ўдзельнікаў святкавання?

-Перш за ўсё, нам хочацца сабраць у адной зале ТЮТ-аўцаў розных пакаленняў. Ну і, канечне ж, паказаць гасцям, чаго мы вартыя. У святочную праграму мы ўключылі урыўкі з нашых апошніх прац, музычныя і танцавальныя нумары, пластычныя эцюты і творчыя віншаванні ад сяброў. Спадзяюся, што аматарам тэатра гэта будзе цікава і ніводны, хто прыдзе да нас у гэты дзень не пойдзе дадому расчараваным.

Дадатак:

 За апошнія 25 гадоў удзельнікі тэатра-студыі юнай творчасці прынялі ўдзел у мностве фестываляў у краіне і за яе межамі. Неаднаразова прадстаўлялі Мінск ў Маскве, Літоўскім Шальчынінкаі, украінскіх гарадах Марыупаль і Львоў (дарэчы, у гэтым горадзе, нягледзячы на традыцыю правядзення фестываляў без вызначэння пераможцаў, калектыў ТЮТу атрымала Гран-Пры за спектакль “Тень”). Акрамя гэтага, ужо 14 гадоў запар выкладчыкі і навучэнцы прадстаўляюць свае спектаклі на суд нямецкіх гледачоў у Берліне. Разам з групамі з іншых краін удзельнічалі ў тэатральных семінарах у нямецкім горадзе Трэбніца. У 2007 годзе навучэнцы студыі разам з кіраўніком тэатра пластыкі “Інжэст” Вячаславам Іназемцавым прынялі ўдзел у французскім праекце, прысвечаным Чарнобыльскай гісторыі, “Раскажы мне, воблака”.  Іх мастацкі фільм быў прызнаны лепшым, і ў хуткім часе яго ўдзельнікі наведаюць Парыж.



Оцените статью


стиль 1 актуальность 0
форма подачи -1 грамотность 0
фактура -1
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью