Людзей пад адну грабёнку не расчэшаш. Адны радуюцца, што нарэшце развіталіся з чарговым лішнім кілаграмам, другія лічаць, што добрага чалавека павінна быць многа. У адных вечныя праблемы з дзвярыма – прыходзіцца кожным пакланіцца, каб не набіць гуз, а другім у краме нізавошта не дастаць да першай ад столі паліцы...
Людзі розныя. Магчыма, надта розныя. Я, напрыклад, з апошніх. З маленькіх, значыцца. Але такія абставіны мне зусім не замінаюць, заўважаць тое, што, магчыма, не жадаюць заўважаць іншыя. Прапаную неалькі дубляў, знятых з вышыні 1.66.
ДУБЛЬ I. КОЛЬКІ ПАТРЭБНА БУТЭЛЕК?
Ружовы надвячорак. Цёпла. У такія хвіліны ні аб чым не хочаца клапаціцца. Думкі ляніва перапаўзалі з месца на месца. З глыбінь прытомнасці чамусьці знайшліся радкі: «А пули летят, пули...» БЗУММ! Ой. нездарма знайшліся. Проста над галавою праляцела бутэлька з-пад піва і з усяго размаху бразнулася ля мяне. Я з перапуду ледзь язык не прыкусіла. Азіраюся – хлапчанё гадкоў шасці ўжо намылілася бегчы за бліжэйшы вугал. Уфф, дзякуй табе, хлопча, што хоць не пацэліў, толькі шклянымі асколкамі акаціў.
Хлапчанё пабегла. Напэўна, шукаць наступную бутэльку. Цікава, колькі іх патрэбна, каб бацькоўскае выхаванне нарэшце стала бачным?
ДУБЛЬ II. ХАЙ ЗАЎЖДЫ БУДЗЕ «СОНЫФКА»?
Стрэлка гадзінніка ўпарта падбіраецца да разной дзевятачкі. Ты яшчэ памятаеш моцныя абдымкі Марфея, які, здаецца, толькі-толькі яшчэ пасьвіў твае сны. БРРР! Зноў вярэдзіць душу гэты ненавісны будзільнік. І навошта яго толькі чалавецтва выдумала! Павольна, яшчэ з заплюшчанымі вачыма падыходзіш да акна, разводзіш фіранкі і...
СОНЫФКА, Я ТЕБЯ ЛЮБЛЮ!
Калі хто шпацыруе па мінскіх дварах і прыхаваных вулачках, хоць зрэдку паглядаючы сабе пад ногі, той абавязкова сустракаўся з такімі пяшчотнымі пасланнямі.
Блішчаць у ранішняй расе такія любыя нейкаму «соныфку» літары на асфальце. Прычым сучасня рыцары ўмудраюцца выкарыстоўваць для сваіх высокіх мэт не толькі крэйду ці фарбу ўсіх колераў вясёлкі, але і... будаўнічы раствор. Каб, як гаворыцца, на вякі.
P.S. Стоп! далёка не факт, такія доказы свайго кахання пакідаюць прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. А ці не здаецца вам, што сучасныя дзяўчаты болш здольныя да эксперыментаў? Я ні ў якім разе не хачу закрануць чыесьці пачуцці, але, на маю думку, век рыцараў калі не скончаны, дык на фінішнай прамой – дакладна.
ДУБЛЬ III. НЕ ЗА ШКЛОМ?
У салоне аўтобуса цёпла, нават душнавата, хаця пасажыраў няшмат. Шпарка, падганяючы адна адну, паласавалі шкло дажджавыя кроплі. З няма чаго рабіць біў па зямлі, машынах, людзях пруткі лівень. Дзесьці недалёка, хаваючыся за бліжэйшай шматпавярхоўкай, разарвала неба маланка...
У салоне аўтобуса кожны займаўся сваёй справай. Мая суседка яўна вагалася: ці прабіць білецік зараз, ці ўсё ж такі пачакаць наступнага прыпынку. За маёю спінаю бабулька некуды везла ў кошыку таўсценнага ката, якому так было ўсё роўна, што ён, пэўна, ад гэтага, быў страшна падобны на аблепленую густым пухам бочачку з квасам. Тут жа чыесці бойфрэнды горача абмяркоўвалі ножкі сваіх сябровак.
- Слухай, тут нейкая ... , прастаяўшы ўсю дарогу, уселася нарэшце, калі аўтобус ехаў да апошняга прыпынку. Бываюць жа такія...
Малады мужчына на ўвесь салон каменціраваў такое дзіва. А па твары дзяўчыны, якая міжволі стала прадметам дасканалага вывучэння, ужо каціліся, як і па мокрым шкле, частыя празрыстыя кропелькі.
Абяцаю, працяг будзе у хуткiм часе.