Я з заміраннем сэрца думаю: адкласці б усё і пайсці пашукаць сабе новую сукенку. Безумоўна, чорную, толькі чорную. Безумоўна адкрытую. Такую, якая б здавалася простаю, але ў той жа час – шыкоўнай.
Я нават была прыглядзела сабе такую (і не адну), але нагоды набываць усё не было. А без нагоды... У мяне адна ўжо была, я маю на ўвазе – сукенка, а не нагода, таксама такая, простая, але з прэтэнзіяй, толькі амаль закрытая.
Але зараз надарыўся выпадак – інстытуцкая навагодне-калядная вечарынка. І як жа захацелася новую сукенку!
Але тую, папярэднюю, я таксама доўга-доўга выбірала (па праўдзе, не збіралася набываць чорную, але ў каляровых з банцікамі, стужкамі, што здаваліся на манекенах такімі прывабнымі, пачувала сябе як набор цукерак, перавязаны ў падарунак – толькі невядома каму. А мне хацелася быць звабліва-смачнай цукеркай, што так пахне шакаладам і немагчыма стрымацца – і для пэўнага чалавека, а не абстрактна-салодкай для ўсіх).
І ахнулі ўсе. (Ці мне гэта толькі здалося?) І я ўсё чакала, калі ж з’явіцца той, дзе каго ўсё гэта было – доўгі пошук, цяжкі выбар, адмова ад стужак і банцікаў, амаль дзвюхгадзінныя зборы, нервовасць і трапятанне... І тады я пайшла яго сустракаць, бо ён спазняўся і тэлефанаваў. Выйшаў мне насустрач, павітаўся і, як у самы звычайны дзень, стаў распытваць, што і як. Ну вось, усё трапятанне сышло на нішто, нібы я зноўку дзе-небудзь на кухні гатую вячэру... Мы ішлі зусім блізка, і мне ўсё думалася: ну чаму для ўсіх – ах! і ох!, а для яго – я такая ж паўсядзённая, як учора, тыдзень таму, месяц вечнасць...І тое, што я не ў хатніх расцягнутых штоніках і не ў звычайных просценькіх джынсах нічога незмяніла. А пасля адно з маіх “я” амаль абразліва канстатавала: “А ведаеш, ён проста стрыманы і не паказвае эмоцый. І супакойся”. Магчыма, яно мела рацыю. І таму цяпер ўжо іншае “я” брала голас: маўляў, ну навошта столькі высілкаў і новая сукенка, калі той, дзеля каго ўсе гэтыя “выкрунтасы” робяцца, не толькі не зверне на гэта ўвагі, але папросту не ўбачыць. Бо яго там не будзе.











