У студзені прыхапіўся мароз і выпала снегу. Нарэшце. Шмат. Месяц і сціплыя ліхтары здзіўлена глядзелі на цуд. Ачысціць дарогі і двары не паспелі. Таму выехалі неадразу – хвілін дзесяць яшчэ тупалі каля машыны.
У першыя дні года дарогі былі нязвыкла пустымі: нават неяк дзікавата, але цікава – не кожны дзень пабачыш такое. А тым больш паехалі наперад ночы. Ух! Але з-за гэтага і снегу на дарозе хапае. Едзем асярожна.
А я па-дурному ўсміхаюся і не сыплю словамі, як звычайна, бо ў галаве ўсё яшчэ тая ноч, калі дзеці пад елкай замест Дзеда Мароза і Снягуркі знаходзяць падарункі, а нагатаванай дарослымі ежы хапае яшчэ і на наступны тыдзень. І што ты зробіш, калі хлопцы прыйшлі сытыя, а мы наспрабаваліся ўсяго ў працэсе, пакуль гатавалі. Нічога. Не прападзе. Заўтра будуць госці.
Затое свечак за ноч спалілі – як за ўвесь год. Не, нават больш.
Еду і ўсміхаюся, а ў нейкі момант вырашаю падзяліцца сваёй дурной радасцю і пачынаю гаварыць – і... упс! - мы прапускаем патрэбны паварот. Эх, баба з возу... Але ніхто мяне не скідае, хіба крыху кляне, і тое – па-сяброўску, па-добраму. Дарога пустая, таму парушаем правілы – і вяртаемся, інакш спознімся яшчэ больш, а нас ужо чакаюць – самалёт прызямліўся раней, чым планавалася. І я ўжо маўчу, але зноў па-дурному ўсміхаюся. Цяпер ужо з-за іншага. Самі ведаеце... Аэрапорт таксама пусты, пасажыраў мала – таму і тут неяк пуста і дзіка, ды мы не затрымліваемся, літаральна пяць хвілін.
Назад дарогі не змяняем. Едзем той жа, шырокай, вольнай, амаль пустой, асвечанай, нібы зоркі замерлі над ёй у замілаваным чаканні. Вакзал збірае ў адзіную кропку тонкія нітачкі, што трымаюць страшэнна цяжкі дах. Цуд нейкі! Нават страшна. Толькі нам падабаецца іншы. Усходні. І мы наўмысля зварочваем да яго – каб параўнаць. Але ці тое таму, што ноч, ці святы і мала аўтобусаў – ілюмінацыя ўключана толькі часткова. Эх, не ўся прыгажосць! Шкада. Але і гэтага нам хапіла, каб упэўніцца, што гэты лепш, проста – больш падабаецца, проста – бліжэй да сэрца, таму што бліжэй да дому.











