1
І здарылася бяда ў сябра майго: памёр яго сябра. Таму і мой. Таму і ў мяне бяда здарылася. І плакалі мы – кожны па-свойму. І хавалі мы слёзы свае адно ад другога. А калі сустрэліся, не прамаўлялі імені памерлага, каб не заплакаць зноў. І чакалі мы новае бяды, бо яна адна не ходзіць.
І не хапала нам трэцяга. Бо быў ён звязкай. І стаў пусткай. Між намі. І немагчыма яе перайсці. І мы бачым адно аднаго, і словы нараджаем. Ды пустка між намі.
І выйсця няма. Толькі час. Час залечыць раны, час праглыне бездань. Час зблізіць нас. Калі толькі не будзе новай пусткі.
І было мне цяжка. І было мне страшна ў прадчуванні новай бяды. Але ступіць на забароненае было нельга.
2
І прыйшоў той, хто прыходзіў рэдка. І ведаў ён пра нашу бяду. І дапамог ён нам. І зноўку адчулі мы прагу жыцця.
Імжэў дождж, ды не было нам справы да дажджу. Вакол былі чужыя дамы, чужыя жыцці, але яны нас не гналі. Мы былі разам. Якая асалода!
3
І раніца была халоднай. Канец верасня. Але дрэвы яшчэ былі збольшага зялёнымі. І чакала я барвы і золата. А прыходзіў толькі дождж.
І бачыла я доктара, знаёмага свайго. Але не было магчымасці павітацца. Бо паглынуў яго тралейбус. Але і ўбачыць яго было прыемна.
4
І чакала лістоў ад розных людзей. Бо напісала сама мноства. Рэдка пісала столькі адразу. Ды не прыйшлі адказы ў адзін дзень. Ды і праз два дні не ўсе адказалі. Зноў збілі імпэт. І ведаю: у кожнага ёсць прычына для неадказу. Нават не прычына, а перашкода. І ўсё адно крышачку крыўдна. Хоць ведаю, ведаю...
5
І зноў знікаю ў пустых словах. А за акном прабягаюць жыцці. Адно з іх я нават пазнаю – гэта зніклая з майго жыцця настаўніца гісторыі. Як быццам яе дасталі з забытага мінулага і час ад часу праводзяць за маім акном. Як напамін, як указальнік на нешта... Але гэтае нешта не існуе ў маёй памяці. Там ёсць толькі настаўніца гісторыі, якая зноўку праходзіць за маім акном.
6
І быў вечаровы Мінск. Але мне хацелася збегчы. Таму што ў цемру выходзілі іншыя – людзі ночы. Гаспадары.
Мяне чакалі лісты. І я іх чакала.
7
Катастрафічна не хапае часу. І хочацца асалоды. Хочацца. Хаця б у маленькіх дозах.
Тэлефон дазваляе кампенсаваць бясконцыя несустрэчы. Тэлефон дазваляе ўварвацца ў тваё жыццё тым, ад каго спрабуеш адкаснуцца. Два бакі ў медаля.
Як мала чалавеку трэба для шчасця: усяго толькі надзея на шчасце.
Працяг будзе











