Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Рэвалюцыя на продаж

Канцэрт у клубе Б1 Maximum, фатограф: Платонава Аліна, крыніца: http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A4%D0%B0%D0%B9%D0%BB:%D0%A1%D0%B5%D1%80%D0%B3%D0%B5%D0%B9_%D0%9C%D0%B8%D1%85%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%BA.jpg, здымак распаўсюджваецца на ліцэнзіі CC-BY-SA

Автор: Шота Аляксей

27.11.2019

Просмотров: 1379


Яны паспяхова прадаюць прадукт, які скіраваны супраць камерцыі. Жартуюць з саміх сябе і не ў меру хваляць. Псеўдапратэст для офіснага планктону? Калі вы так лічыце, то рэвалюцыйная ўлада ахвотна паставіць вас да сценкі.


Новы альбом Ляпіса Трубяцкога – «Культпрасвет» – працягвае лінію «новых» Ляпісаў: стылёвых панкаў з наколкамі, якія ставяць на гітарныя запілы, постмадэрністычныя спевы і выдатныя анімацыйныя кліпы. Як і папярэднія, ён хутка знойдзе свайго слухача.

Здаецца, працуючы над «Культпрасветам», Міхалок звар’яцеў канчаткова. Быць можа, тэксты цяпер і не настолькі складана-постмадэрновыя з пункту гледжання спасылак і цытавання, а наадварот, даволі прасталінейныя. Але адчуваецца перабор у іншым. На гэтым альбоме ёсць антыкамунізм, антыглабалізм, антыкансумпцыянізм ды наогул якія толькі захочаш актуальныя і не вельмі пратэсты. Змест дыску даволі разнастайны і наўрадці мае нейкае агульнае пасланне.

Афармленне дыску таксама не дазваляе зрабіць канкрэтных абагульненняў, бо выглядае даволі выпадковым і па сэнсу адносіцца толькі да некалькіх маршава-пралетарскіх песен. Пабудова альбому ўжо традыцыйная для Ляпіса: адзінаццаць-дванаццаць песен, адна з іх самаіранічная і рэфлексійная, адна на беларускай мове.

Цікавасць да кружэлкі выклікае спосаб яе распаўсюду: музыку можна сцягнуць з інтэрнэту, выбраўшы лепшую або горшую якасць, па адной песні ці ўсё адразу. І, калі яна вам спадабаецца, вы можаце заплаціць, колькі палічыце патрэбным. Або проста набудзеце ліцэнзійны дыск у краме.

Праз гэта Ляпісы нахабна называюць сябе першапраходцамі, забываючыся на досвед Radiohead у галіне альтэрнатыўнага распаўсюду музыкі. Праўда, яны маюць на гэта поўнае права. На сваім мэтавым рынку – постсавецкай прасторы – іх падыход сапраўды наватарскі.

А што пра музыку? Пра яе хочацца казаць найменш. У гэтым плане гурт не стаіць на месцы, але і не збочвае з абранага прыбытковага шляху. Калі «Капітал» быў ска-панкаўскі, «Маніфест» – падхардкораны, то «Культпрасвет», працягваючы агульную лінію, троху больш разнастайны, з элементамі рэгі, маршавымі рытмамі і іншымі нязначнымі адхіленнямі (напрыклад, сітарам у песні «Містэр Лох»).

Але ўжо бачныя будучыя цяжкасці, якія, бясспрэчна, трапяцца Ляпісам на творчым шляху. Перадусім, арыгінальнасць матэрыялу і яго падачы. Каб падтрымаць свой вобраз і не зацыкліцца на адным (што ўжо, здаецца, адбываецца), хлопцам прыйдзецца сур’ёзна задумацца над творчымі планамі. Чацвёртага ідэнтычнага альбому слухачы могуць не вытрымаць. З іншага боку, ведаючы ляпісаўскі падыход да шоў-бізнэсу, можна выказаць здагадку, што яны будуць рабіць перадусім тое, што падабаецца ім.

Мая вялікая паважуха Міхалку і кампаніі менавіта за тое, што яны заўсёды робяць культурны прадукт такім, якім самі хочуць яго бачыць, не гледзячы на іншых. Ну, а калі Ляпісаў у кожнай форме ахвотна прымаюць, дык гэта талент. Талент быць клоўнам і «папсовым жлабом».

Я падкрэслена называю музыку Ляпіса прадуктам. Бо гэта рэвалюцыя на продаж і сцёб з некамерцыйных ідэй. Мяне гэта цешыць – якасны прадукт заўсёды прыемна купіць. Я разумею тых, хто незадаволены. Хочацца, каб культурныя дзеячы былі сапраўды шчырымі: пісьменнікі – прарокамі (ці прынамсі не распраналіся на старонках календара), спевакі – валадарамі думак. Але, халера, высокія ідэі дзядулі Маркса для Сярожы Міхалка – толькі эстэтычная абгортка.

У сувязі з гэтым, узгадваецца апакрыфічная гісторыя з асяроддзя беларускага року. Дзесяць год таму, запісаўшы апошні альбом «Новага Неба», Кася Камоцкая распусціла гурт. «Калі сканчаецца шчырасць, сканчаецца і рок» – сказала яна тады. Ці шчыры вы з намі, таварыш Міхалок?

Гурт: Ляпис Трубецкой

Альбом: Культпросвет

Год: 2019

Стыль: ска-панк/прота-панк/рэгі/рэвалюцыяныя маршы

Дзе ўзяць: http://lyapis.kroogi.com/, або ў краме

Прыватная ацэнка: проста харошы альбом



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 0 грамотность -1
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью