Пра беларускую культуру шмат чаго гавораць, і часцей за ўсё разважанні супрацьлеглыя. Возьмем літаратуру. Нехта кажа, што няма сапраўднай беларускай літаратуры. А мой знаёмы літаратуразнаўца кажа, што ўзровень нашай значна перавышае планку “расейскай”. Але чаму так атрымліваецца, што тыя, хто пішуць, – шануюць, а астатнім і дазнацца неадкуль?
Гэта пытанне паспрабавала вырашыць на ўласным попыце. Яшчэ ўлетку, 21 ліпеня, пайшла на літаратурную вечарыну выдавецтва “Галіяфы”, што праходзіла ў рамках фестываля эксперыментальнага мастацтва “Дах-11”. Ледзь паспеўшы на пачатак, я некаторы час блукала па амаль пустой залі ў чаканні. Недзе зверху было чуваць выступленне “Умкі і бранявіка”, якія ў той жа час давалі бясплатны канцэрт. Колькі гэта павінна было працягвацца, я не ведала, але шчыра спадзявалася, што выступленне падыходзіць да завяршэння, і як толькі замаўчыць Умка, я пачую голас беларусаў-паэтаў.
Толькі падыходзячы да другого канца залі я зразумела, што іх голас вяшчае ўжо не першую хвіліну. Вядучага было амаль не чувать, а незвычайны свет, які ўсталявалі на месцы ўмоўнай сцэны, надаваў чытаючым вельмі незвычайны выгляд сініх манстракоў. Гэта пры тым, што чутно паэтаў было толькі самім паэтам. Але трэба заўважыць: яны стараліся, некаторыя крычалі ці нават пелі вершы.
Па чарзе на пляцоўцы выступілі Арцём Кавалеўскі, Вольга Гапеева, Сяргей Календа. Кацярына Макарэвіч хвалявалася, Зміцер Вішнеў жартаваў з публікай, якая з часам падцягнулася. І прыкладна праз паўгадзіны мерапрыемства ўжо было падобна да закрытай літаратурнай вечарыны. І менавіта ў гэты момант арганізатары вырашылі зрабіць пятнаццаціхвілінны “перакур”, які вырашыў вынік астатку вечара.
На двары пайшоў дождж. Умка жвава пазбірала сваіх музыкантаў з-пад адкрытага неба і яны адправіліся пад дах, ў канцэртную залю Палаца Мастацтв. За хвіліну да гэтага слухачы літаратурнай вечарыны пачулі, што працяг іх мерапрыемства будзе адбывацца там жа. Але хто ж паэтаў пераадолее Умку? Толькі праз яшчэ паўгадзіны мы зразумелі, што літаратурная вечарына ціха і непрыкметна знікла. Расейскі рок перабіў маленькае свята беларускай паэзіі. А, мабыць, менавіта ў гэты час была верагоднасць таго, што многія беларусы ўрэшце рэшт пабачаць сваіх паэтаў. Не адбылося. Нават са сваёй тэрыторыі не здолелі выгнаць беларусы заезджых музыкаў. А жаль, была магчымасць паспаборнічаць у маўленчай дуэлі.
Іншая з’ява адбываецца на паэтычных слэмах. Паэты, што ўдзельнічаюць у слэме, гатовы рабіць усё, што заўгодна, толькі каб быць пачутымі. Нялёгкая гэта справа, ды і не надта прыгожая. Але, можа, так падаецца з-за таго, што ўсё звыкліся з далікатным вобразам узнёслага майстэрства? Можа, і сапраўды настаў час не людзям прыйсці да паэзіі, а паэтам спусціцца з аблок, на якіх яны застралі побач са сваім натхненнем?
Практыка паказвае: паэты гатовы сыйсці са сцэны да публікі. Але ці згодны людзі выслухаць паэтаў?
Цяжка вырашыць. Умовы, у якіх жыве чалавек зараз, нагадваюць хутчэй ваеннае становішча, чым мірнае існаванне. Патокі інфармацыі, непатрэбнай і настырнай, зносяць чалавека ў бок ад яго патрэб і інтарэсаў. Рэклама ў метро, тэлебачанне на вуліцах, бігборды і плакаты… А акрамя гэтага, крамы на канапе, дастаўка ежы дамоў, Інтэрнэт. Усё гэта кідае нас да самаадасаблення і абстрагавання. Мы часцей сядзім дома, радзей глядзім у твары людзей, лепей размаўляем па скайпе ці квіпе, чымсьці карыстаемся вусным маўленнем. Каму цяпер справа да развіцця беларускай паэзіі, калі самога сябе ўратаваць трэба. Каму ёсць справа да, напрыклад, Маргарыты Аляшкевіч? А Маргарыце Аляшкевіч справа да нас ёсць. Яна зробіць усё і яшчэ болей, каб быць заўважанай. Але ці ёсць штосьці далей гэтай справы? Яна б’е талеркі, тупае нагамі, крычыць на ўсё горла і кідаецца ірыскамі… Але як прабіць чалавечы “шчыт”, які складаецца з бабанаў у вушах, “конскіх” шторак на вачах (каб абмежаваць бакавы зрок) і таўсцезнай каўдры, якая скрадвае амаль увесь націск цукерачнага дожджа?
Мы самі ізалюем сябе ад грамадства і інфармацыі, якая з-за гэтага становіцца яшчэ больш істэрычнай і няўёмнай. А затым мы ідзем і самі ствараем гэтую інфармацыю, робячы яе крыклівай і такой каляровай, што вырві вока. А следам за інфармацыяй крыклівымі і каляровымі становяцца самі людзі. І прыгожы мужчыша пераўтвараецца ў сіняга манстрака з глоткай ва ўсё цела. І у чым тады падвох?