Фоторепортажи




Кто изобрел самых лучший стул в мире?

Віртуальныя казкі

Автор: Кіявіцкая Таццяна

19.07.2018

Просмотров: 2137


Тыгр быў філосафам і час ад часу парываўся напісаць ліст вавёрцы, якая жыла на прыдуманым ёй баабабе недалёка ад вялікай паляны.

Дык вось – парываўся, але кожны раз мешкаўся і не адпраўляў ужо напісаны ліст – і таму не адпраўляў і пасля. Вавёрка ж ведала пра парыванні і моўчкі чакала.

Тыгр у добрым настроі пускаў на вавёрчын баабаб сонечных зайчыкаў, а тая ў адказ кідала ў яго арэшкамі (не-не, не какосавымі – гэта ж толькі гульня, а не забойства). Так і жылі: часам – з філасофіяй, часам – гуляючы.

Калі тыгр знікаў, вавёрка бегла па яго слядах, шукала, пакідала, калі не знаходзіла, знакі: маўляў, дзе ты там? Далібог, снегу было многа – адбіткі Зялёнага тыгра (так, так, Зялёнага) добра вымалёўваліся. Галоўнае было самой вавёрцы не трапіць ў пастку сумётаў – хто тады яе вызваліць?..

Але прыйшла вясна. І снег стаў раставаць. Вялікая паляна стала голай і чорнай. Зялёны тыгр знік у пошуках ежы...

***

Тыгр  убачыў вавёрку як раз у той момант, калі яна бегла па яго слядах і спынілася напіцца ля Вясёлага ручая. Каб не спужаць, тыгр проста казытнуў люстэрка вады хвастом. Вавёрка ўсё адно спужалася: адскочыла ад вады і збегла на самую вяршыню старога дуба. Ну вось табе і на! Зялёны тыгр толькі ўздыхнуў.

А вавёрка ўжо з дуба разгледзела “ворага”. А ёлы-палы! Гэта ж Зялёны. І хуценька спусцілася на ніз, але на зямлю не скокнула, засталася на галінцы. Тыгр пазяхнуў і павольна пакрочыў на Вялікую паляну – там было сонца. Але вавёрка не хацела так хутка згубіць зніклага сябра і – з дрэва на дрэва – скакала за Зялёным, час ад часу кідала ў яго то жолудам, то каменьчыкам – маўляў, я тут, іду за табой. Так і прыйшлі на Вялікую паляну. І дзіва – яна была ўсыпана пралескамі.

***

Зрабілі вясновую казку: з пралескамі і светлякамі.

– Тыгра, а табе падабаецца?

– Не тузай мяне за карак, а то паляціш зараз вобземлю.

– Ну вось...

– Нішто сабе, нішто сабе.

Вавёрка расцягнулася на зялёнай спіне тыгра і казытала яго па баках сваім пухнатым хвосцікам.

– Вясна-а-а...

– Ага-а-а...

– Зоркі якія!

– Мне не відаць.

– Я табе кажу.

– І што: падаюць?

– Ды не, моцна трымаюцца.

***

Трухлявы пень і баабаб. Прыдуманыя казкі для дарослых. Замест таго, што не маем. Напаўняем пустку пахам віртуальнай вясны і размалёўваем прыдумку пралескамі.

На баабабе пасялілася туга. Па няспраўджаным. З ёй прыйшлі Смутак, Адчай, Адзінота. І Надзея сышла. Вучышся быць адэкватным і спакойным – знешне, прынамсі – у варунках, якія складваюцца.

Трухлявы пень і баабаб. Ужо не так балюча чарговы раз прыходзіць да нуля. Дакладней, чарговы раз казаць сабе, што твая дарога не прыводзіць туды.

Ты звыкла соваешся, каб даць месца нябачным гасцям. Яны садзяцца леваруч і маўчаць. Дастаткова прысутнасці. Яны, як заўжды, маюць у сваіх кішэнях адно толькі – чаму?

Чаму? Гэта тое ЗВЫШпытанне, на якое адказу няма. Гэта проста хітрая усмешка Лёсу. Яму падабаюцца такія гульні.

І адзінае выратаванне – трухлявы пень і баабаб.

Зялёны тыгр недзе побач.

***

У вачах прыгажуні насупраць чыталася красамоўнае “а не пайсці бы табе на...”, але мяне гэта весяліла: пошук толькі пачынаецца.

Ды прыветлівую красуню, як высветлілася, знайсці ў горадзе не так лёгка. І ў рэшце рэшт мне гэта надакучыла. І я прыйшоў за станоўчай энергетыкай у родны ўнівераўскі сквер.

Колькі дзён таму тут паставілі вялізную клетку з вавёркамі. Гэтыя непаседлівыя звяркі нагадвалі мне студэнтаў-першакурснікаў, з іх жвавасцю, мітуснёй... Сюды прыводзілі дзяцей старшакурснікі і выкладчыкі. І назіраць за дзецьмі было асалодай – сыходзіла ўсё злое і вусны расцягваліся ў цёплую ўсмешку.

Леваруч мяне атабарылася кампанія гаваркіх студэнтаў. Скончылася пара. Сквер загудзеў. Было адчуванне, што нават каменная Ефрасіння ўдзельнічае ва ўсіх гэтых размовах і дыскусіях. А Скарына маўчыць, піша свае прадмовы.

На імгненне закрыў вочы – сонца адарыла мяне гарачым дотыкам праменняў. Азірнуўся – кампанія знікла, пакінуўшы толькі аднаго свайго – чарнявую кніжніцу.

– Раскрыйце сакрэт.

– Вы мне?

Я азіраюся, каб паказаць: вакол больш нікога.

– Якую?

– Ваша імя.

– Вавёрка.

Усміхаюся.

– Вельмі прыемна. Зялёны тыгр.



Оцените статью


стиль 0 актуальность 1
форма подачи 1 грамотность 1
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью