27
Дзіцячыя гульні дарослых. Я зноўку дзіця. Жанчына чакае. Пакуль прыйдзе той, хто прыходзіць рэдка.
Гэта быў цудоўны падарунак – цацка з нічога.
28
Прыезд на пяць хвілін. З трэцяй асобай. Таму – без размовы. Таму – як быццам не было.
Сустрэча з нядаўнім мінулым прымушае дзейнічаць. Калі не дзейнічаць, то хаця б чытаць. Чытаю з каментарам. Хачу знайсці кропкі судакранання ў абсалютна розных на першы погляд творах.
Дождж – прастора для разваг. Дождж – іншае вымярэнне, рэальнасць безлічы “я”. Пагаворым?..
29
Без званкоў. Без эмоцый. Без... Ратунку шукаю там, дзе не знаходжу.
30
Сыход у сябе. І адзінае пытанне: чаму? Ва ўсім ёсць першапрычына. Магчыма, зразумелая толькі для носьбіта. Але яна ёсць. Значыць, і ў гэтай пусткі ёсць першапрычына. У гэтай непрысутнасці...
Хочацца збегчы. Хочацца ласкі. Але не бяру чужой.
31
Дождж. Паветра напаўняецца свежасцю, прахалодай. Усё становіцца цёмна-зялёным.
Я за акном. Фортка раскрыта. Вуліца пранікае ў пакой чароўнай музыкай дажджу. Хачу...
Чакаю і спадзяюся. Спрабую ісці насустрач – дзверы зачынены. Дождж і я. Між намі – шкло. Яшчэ сустрэнемся.
32
Пустыя словы. Міліёны – міліярды – незлічоныя мноствы. Невыносна. Столькі пустых гукаў! Пустазвон. Толькі адмоўная энергетыка. Толькі негатыў.
Зрываюся. Ланцугі – не збегчы.
33
Шыкоўная сукенка на манекене. Празрыстыя тканіны, кашулі ва ўсходнім стылі. Чароўна!
І дождж прыйшоў і застаўся. Замест цябе. У крамах мяне прымаюць за выпускніцу. Мне крыху больш, чым семнаццаць. А ты крыху далей, чым побач.
34
Усё вакол рухаецца. Атракцыёны. Дзіцячы смех. Крыкі. Школьнікі ходзяць па сцежках. Лета. Парк.
Шматок волі і свежага паветра. Сярод зла і пускі. Невыносна. Усё, што адбываецца – як не са мной.
Трэба ўставаць і ісці. Час вяртацца.
Час збягаць ад дзяцей. Дзеці супакойваюць, дзеці прымушаюць усміхацца, спадзявацца на лепшае.
35
Дождж ідзе два дні. Яшчэ толькі пачатак жніўня, але гэта восень.
Пяць тыдняў волі і карысных спраў– і зноў ты ніхто. Зноў ты не маеш вольнага часу, але – на шчасце – паспяваеш заглынуць кавалак японскага літаратуразнаўчага пірага. Нішто сабе. Але шмат агульнага з амерыканскім.
36
Два месяцы несустрэч. Споведзь чалавека з майго дзяцінства. Дзіўнае пачуццё – ты дала штуршок, і жыццё іншага чалавека карэнным чынам змянілася. Але ты не ў стане змяніць сваё.
Як дурны сон – мая несвабода. І не магу прачнуцца.
“Чакаю спагаднага, блізкага сэрца”. Жыву надзеяй на вызваленне. Хутка вечар – час забыцця.
Працяг будзе










