Не думала пра вяртанне. Але... Працяглы перапынак - і зноў прадстаўляю нататкі адной асобы, якая глытае жыццё, як рыбіна, выкінутая на бераг і спрабуе разабрацца з пачуццямі да маленькіх і дарослых мужчын, што ўвайшлі ў яе жыццё.
75
Я сумую па ім – па маленькім хлопчыку, які толькі-толькі пачынае хадзіць. Я хачу трымаць яго на руках, пакуль ён яшчэ лапоча на сваёй мове, распавядаючы адной толькі мне свае таямніцы. Сонейка маё! Не думала, што так буду сумаваць.
76
Спадар з Карла Маркса прыехаў позна і сеў з намі за адзін стол. Добра быць цвярозым і пасмяяцца з п’яных дзявочых размоў і скаргаў. Ён ледзь не падае з крэсла – так яму смешна.
Назаўтра – нямыты з ночы посуд і думкі пра лепшае. Едзем за квіткамі. Будзе новая паездка.
77
Прачытала “Альпійскі дзённік” аднаго майго добрага знаёмага. Я – зусім не футбольны фанат. Але ў такой інтэрпрытацыі футбольная тэма – найцікавейшая штука.
78
Калі пайшоў дождж... Абяцалі працяглы. Значыць – дождж у дарогу. Прыйдзецца ўзяць парасон.
Праз гадзіну выходжу. Яшчэ праз гадзіну – цягнік ад’язджае.
79
Маленькаму хлопчыку будзе год. Вялікі хлопчык не паехаў, як планавалася. Застаўся тут.
А ў мяне – сціплы абед перад цягніком. Нечаканы званок – і: “Вы ў сёмым нумары”. Ну і добра. Пачытаем пасля.
80
Плюс адна паездка. Львоў.
Горад прыгожы. Не падобны ні на што. А людзі звычайныя – ніякія.
Брукаванка. Брукаванка. Восем гадзін пехатою. Шэсць гадзін. Старыя тралейбусы і трамваі. Кавярні.
Я пазначаю на карце тыя дарогі, якімі мы ідзем, тыя шляхі, якімі блукаем.
81
Вяртанне і шок.
Кідаю рэчы. Душ. І еду.
Недасып. Ложак не засцелены.
Дзве з паловай гадзіны праводжу ў палаце. Заўтра еду зноў.
82
У гэтай вясны ёсць ты. Ты ратуеш, калі лёс выбівае мяне з траекторыі. І я ўжо баюся выказваць табе самае-самае.
Мама злуецца, што я крыўдую, таму маўчу. А як жа можна крыўдаваць, калі ты – выратавальнік? Але я маўчу, бо слухаю цябе – нават не словы, а цябе: твой настрой, пах, жаданні... Слухаю тваю поліфанічнасць. І баюся глядзець – бо цалаваць нельга.
83
Белыя ружы. Менавіта белыя.
А пакуль цюльпаны. І бэз.
Не люблю сіні колер. І хачу новую сукенку. Чорную. Вясна. Дождж.
84
Хапаю жыццё – нібы рыбіна, выкінутая на бераг. Яшчэ, яшчэ...
Кожны дзень – змена вопраткі, змена вобраза. Мне хочацца верыць...
Машына. Пад’езд. Разыходзімся.
85
Крок у крок. Хочацца танчыць, але трэба ісці. Спадніцы. Абавязкова спадніцы. Нават больш – абцасы. Яшчэ два-тры дні – і лета. А дома – поўны хаос.
86
Гэты чалавек снiўся мне. Ніколі раней я не бачыла так выразна рысы твару знаёмай мне асобы. Ён быў мне такі блізкі.
Напачатку мы сядзелі на шырокіх прыступках насупраць вялікага-вялікага будынка. Яшчэ мы былі ў кампаніі сяброў. Стаялі побач. Я – леваруч.
А пасля... Вось калі мы ўжо сядзелі на прыступках... Мы дамовіліся, што, магчыма, я цябе дачакаюся, але неабавязкова, бо ты ішоў у гэты будынак па нейкіх справах – на невядома які час. Ты сышоў. Было горача. І я сказала дзяўчынцы, што сядзела на прыступках вышэй: “Калі ласка, перадайце Багдану, што я пайшла дадому”. І насамрэч – пайшла.
І тут прыйшла раніца.










