Фоторепортажи





   Фоторепортажи    Новостной календарь    Хостинг картинок    Статьи    Реклама

Маланкі на яе планеце

Автор: Кіявіцкая Таццяна

11.10.2009

Просмотров: 1385


Калі Віктар у пятніцу напісаў ёй он-лайн: “Я ажаніўся. Два тыдні таму”, ­– яна з жахам падумала, што вось застаўся толькі адзін нежанаты з сяброў – яе верны Сашка. І гэтая думка свярбела ў галаве гадзінамі запар. І нават калі працоўны дзень нарэшце скончыўся і яна ўскочыла ў інстытуцкі аўтобус, мозг не мог спыніць лавіны несфарміраваных слоўна, але сфарміраваных эмацыянальна маланак. SOS!


...Раптам ёй уявілася: вось гэтая прыгажуня на высокіх абцасах, што шыбуе  літаральна ў пяці кроках наперадзе, – што вось яна ідзе менавіта да яго, Сашкі. Што гэта і ёсць тая, якую баялася нават уявіць. Ідзе павольна, грацыёзна. Яна ведае яго густ – і гэтая якраз з гэтай оперы: высокая, хударлявая, добра апранутая і галоўнае – доўгія светлыя валасы. Ідзе ў яго пад’езд. І Тасін мозг дае загад: глядзі ва ўсе вочы, які нумар будзе набіраць. Сашка дома, гэта дакладна: машына стаіць на адведзеным ёй месцы. А прыгажуня... дастае ключы і заходзіць. У яго пад’езд.

І Тасі падумалася: а раптам гэта і насамрэч ЯНА? Вось менавіта яна, якую Сашка цалуе, ледзь прычыніўшы дзверы; тая, што ветліва вітаецца і п’е гарбату з яго маці, абмяркоўвае сумесны быт (ёй жа выдадзены ключы – значыць, і быт ёсць), а пасля сцеліць ложак у яго (іх?) пакоі.

І менавіта таму яны з Сашкам – Тася з Сашкам – аддаляюцца і з кожным днём становяцца ўсё больш падобнымі на дзве планеты, якія ляцяць прэч, у розныя бакі ў пошуках свайго Сусвету.

Яна села на халодныя пустыя арэлі і стала з нейкай тугой, нават адчаем глядзець, як падаюць на мокры пясок дзіцячай пляцоўкі жоўта-чырвоныя лісты. Кастрычнік.

...П’е гарбату – але не з ім. І ўсё часцей думае, што трэба пачынаць паліць. Але кожны раз адно з яе “я” – самае грубае і некрасамоўнае – звыкла, абуральна паўтарае: “Яшчэ будзе горш. І што тады?” Таму паляць іншыя. На яе балконе.

Становіцца холадна. І нават сцюдзёна. Яе планета з жоўта-чырвонымі лістамі і халоднымі арэлямі зацягваецца туманам і сонца ледзь праглядаецца. Мяккае-мяккае святло. Не рэжа вочы.

...Раптам, ужо дома, ёй уявілася, што ў яе будуць дзеці. І яна будзе хадзіць з імі ў краму. А там выпадкова сустрэне Сашку. Калі ён коратка распытае пра ўсіх бліжэйшых родзічаў і пасміхнецца з малых жэўжыкаў, тая высокая бландынка на абцасах выплыве і пацягне яго прэч.

...У пакоі ад фантазій становіцца цесна і нават мутарна. Салодкае і віно ўжо не дзейнічаюць. Тася адкрывае фортку. Трываць болей немагчыма...

-Алё! Сашка? Ты дзе? Заняты?

-Я толькі прыехаў. Я ж казаў, што з’еду.

-???

-Ну Тася, ты зноў забылася. Я два тыдні быў на курсах у Швецыі.

-Добра, што нарэшце ты вярнуўся.

-Тась, зноў ты...

-Як добра, што ты вярнуўся.

І планета з арэлямі і жоўта-чырвонымі лістамі паляцела да зорак.

 



Оцените статью


стиль 0 актуальность 0
форма подачи 1 грамотность 1
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью