Фоторепортажи





   Фоторепортажи    Новостной календарь    Хостинг картинок    Статьи    Реклама

Калі....

Автор: Кіявіцкая Таццяна

13.10.2019

Просмотров: 1554


Калі нараджаецца дзень і прыходзіць халодная раніца, я прачынаюся адзін, гатую сабе каву і застаюся адзін на ўвесь дзень.


Калі прыходзіць вечар, які быццам гаворыць, што гэты дзень вось-вось ператворыцца ў мінулы, я без усялякай ахвоты гатую сабе вячэру і застаюся адзін на ўвесь вечар.

Калі стомлены горад рассыпае ў ноч свае рознакаляровыя пацеркі і разліваецца за маім акном святло рэкламных шыльд, я  сцялю сабе ложак, накрываюся з галавой несагрэтаю коўдрай і застаюся адзін на ўсю ноч.

Калі прыйдзе яна, восень маёй тугі, і разальецца скрыпкай па маім пакоі, я адкрыю ўсе вокны і запрашу ў сваё сэрца залатое лісце і асенні дождж.

Калі яна дакранецца да маёй сваёй рукою і возьме з сабой з душы цяжкую ношу, я выйду на дарогу і буду дзівіцца, як восень пакідае залатыя адбіткі.

Яна прыйдзе заўтра, восень маёй тугі. І прынясе з лістоў мне дарагі вянец. І на маіх прасцінах пакіне павуціннне. Ты пасівела восень, каханая мая.

Калі забудзецца ўсё, што было са мной раней, калі не буду ведаць, што будзе заўтра, мне будзе так спакойна і так цёпла, нібы цяпер у гэтым свеце я не вораг і нелюдзім.

Але ты сыдзеш так рана, восень маёй тугі. Цябе выкрадзе без жалю няверная зіма.

Калі я вяртаюся, мой дом поўніцца табой. Яшчэ не звялі астры, і водарам дажджу мне вее адусюль.

Хоць цябе ужо няма, восень маёй тугі... Калі адкрыю акно,  адзінокая сняжынка ўпадзе мне на павекі і растае.

Гэта будзе пошапт чужой мне зімы. Яна выкрала цябе ад мяне. Яна пакінула мяне аднаго.

І калі нараджаецца дзень і прыходзіць халодная раніца, я прачынаюся адзін, гатую сабе каву і застаюся адзін на ўвесь дзень.

Калі прыходзіць вечар, які быццам гаворыць, што гэты дзень вось-вось ператворыцца ў мінулы, я без усялякай ахвоты гатую сабе вячэру і застаюся адзін на ўвесь вечар.

Калі стомлены горад рассыпае ў ноч свае рознакаляровыя пацеркі і разліваецца за маім акном святло рэкламных шыльд, я  сцялю сабе ложак, накрываюся з галавой несагрэтай коўдраю і застаюся адзін на ўсю ноч.

Як жыць мне без цябе, восень маёй тугі? Ты забрала маё натхненне, сон, спакой, пошапт дажджу, прахалоду рання. Я не магу тварыць, я не жыву, я проста пераходжу з дня ў дзень. У чаканні цябе.

І калі становіцца невыносна, я іду ў завіруху і прыношу сябе ў ахвяру. Лютая, белая, аддай мне яе! Яшчэ адзін дзень, адзін толькі дзень. Дай нам быць разам.

Ты зайздросціш ёй, таму распранаеш дагала і аддаеш на разарванне людзям. А потым прыходзіш у карунках, каб на цябе дзівіліся.

Але мне патрэбна яна, не ты, мне патрэбна яе голь і пошапт дажджу за  акном. Аддай яе мне!

Але зіма няўмольна. І калі нараджаецца дзень і прыходзіць халоднае заўтра, я прачынаюся адзін, гатую сабе каву і застаюся адзін на ўвесь дзень.

Калі прыходзіць вечар, які быццам гаворыць, што гэты дзень вось-вось ператворыцца ў мінулы, я без усялякай ахвоты гатую сабе вячэру і застаюся адзін на ўвесь вечар.

Калі стомлены горад рассыпае ў ноч свае рознакаляровыя пацеркі і разліваецца за маім акном святло рэкламных шыльд, я  сцялю сабе ложак, накрываюся з галавой несагрэтай коўдраю і застаюся адзін на ўсю ноч.

У вясны я не прашу, Вы з ёй незнаёмы, і я чакаю. Проста чакаю. Пакуль за акном жаўцеюць дзьмухаўцы, пакуль рассцілаецца зялёным дываном трава і дрэвы губляюць сілуэты ў лістах.

Я чакаю. Я  стамляюся. Мяне нібы няма. Сум з’ядае мяне. Быць аднаму невыносна. Ты – наркотык, восень маёй тугі.

І я малю лета: аддай яе мне. Лета – капрызная паненка, якой хочацца пакрасавацца. І яна не саступае. Гуляе сонцам, сыпле кветкамі і хлебам.

І я бяссільны, я плачу, я крычу. Мне страшна, мне хочацца знікнуць, не жыць.

Але калі прыходзіш ты, восень маёй тугі, ты апускаешся перада мной на калені, амываеш дажджом мае ногі, асыпаеш золатам, цалуеш прахалодай.

Божухна, як мне гэтага не хапала!

Мы ладзім свае оргіі на світанні, раскідваем на падлозе лісты з вершамі, малюем на сценах яркімі фарбамі, задыхаемся ад кахання.

Ты прыйдзеш заўтра, восень маёй тугі...



Оцените статью


стиль 1 актуальность 0
форма подачи 1 грамотность 0
фактура 0
* - Всего это среднее арифметическое всех оценок, которые поставили пользователи за эту статью