А хацелі сесці дома і тупа глядзець серыялы ці які-небудзь фільмец без асаблівага сэнсу. Атрымалася – што не атрымалася.
Выйшаў на вуліцу (яшчэ десяці не было), каб зайсці да Стася і забраць грошы, што пазычыў яму яшчэ месяц таму. Учора сам тэлефанаваў, прасіў забраць. І ўсё думаю: да таго, як прыедуць Пашка, Дашка і Яна – гадзін сем, не менш. Стась быў нейкі не ў гуморы і пачаў лапатаць пра новыя праблемы, туды-сюды, і выдаў мне толькі палову – каб яго халера! Гэтай паловы мне хапіла толькі на палову заплаванага і акуратна ўнесенага ў спіс яшчэ учора. Але Пашка, Дашка і Яна абяцалі зрабіць свой важкі ўнёсак, таму я крыху супакоіўся і пабег на пошту, каб атрымаць нейкую пасылку – кінулі паперку з паведамленнем у скрыню. Але на пошце паведамілі, што выйшла памылка і за мяне тоўсты жоўты канверт атрымаў нейкі містэр Жо і што рабіць яны яшчэ не прыдумалі. Мозг мой напружыўся яшчэ больш, паколькі я так і не даведаўся, што было за пасланне. Але часу не было... І я паслізнуўся проста на прыступках пошты, ляпнуўся так, што падняўся толькі з дапамогай маладзенькай мамашкі, якая дзеля мяне кінула каляску і выпусціла з рук сумку з прадуктамі. Пасля мы разам усё сабралі, і паколькі цэлых пакетаў больш не было, я, узброены малаком, хлебам, мыльна-рыльнымі рэчывамі і г.д., правёў мамашку да суседняга дома, дзе сустрэў свайго былога аднакласніка. Гэта было неверагодна, паколькі я бачыў яго толькі два разы пасля заканчэння школы і думаў, што ён з’ехаў ў Канаду ці Штаты – некуды далёка і з ім – капец. А тут высвятляецца, што Віцька жыве ў суседнім раёне, тут яго новая пасія, а Канада са Штатамі занялі ўсяго толькі паўгады яго жыцця. Натуральна, мы пазнаёміліся з яго пасіяй, адзначылі гэтую справу і яшчэ не было пяці, як я бег дадому, паколькі зблытаў час і думаў, што Пашка, Дашка і Яна ўжо б’юць капытцамі пад маім пад’ездам. І таму страшна раззлаваўся, калі высветліў, што яны яшчэ нават не выехалі. І я вырашыў, што за дзве гадзіны я шмат чаго паспею, і таму залез на форум і неадразу ўсхапіўся, калі роўна ў сем гадзін – званок не працуе – заляпала ручка маіх дзвярэй. А хацелі сесці дома і тупа глядзець серыялы ці які-небудзь фільмец без асаблівага сэнсу. З папкорнам і г.д. Атрымалася – прыехала толькі Яна, а Пашка і Дашка тэрмінова выехалі да нейкіх родзічаў, бо нехта трапіў у бальніцу з-за нейкай невядомай хваробы. Затое Яна трымала ў руках той самы пакунак – літаральна ў ліфце сустрэла таварыша Жо, які забраў памылкова пакунак і своечасова спахапіўся, каб, як свядомы грамадзянін, вярнуць усё адрасату. Пакунак быў ад майго стрыечнага брата – даслаў дыск з запісамі свайго новаарганізаванага блюз-гурта. Хацеў пахваліцца!
І мы з Янай пасміхнуліся. Кожны намаляваў сабе салодкую перспектыву блюзавага вечара без сведкаў.










